Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжою (ABBA) сумесна з дасьледчым цэнтрам CASE Belarus пад патранатам Сьвятланы Ціханоўскай праводзяць у Варшаве Belarus Business Forum. Форум адбываецца ў Варшаўскай фондавай біржы, самай буйной фінансавай біржы ў рэгіёне.
Проста цяпер, паводле аналітыкаў і эканамістаў, для будучага хуткага аднаўленьня эканомікі трэба:
- дапамагчы выратаваць бізнэсы і іх супрацоўнікаў, у тым ліку тыя, якія вымушана пераехалі ў іншыя краіны, напрыклад у Польшчу;
- распрацаваць і ўзмацніць пляны падтрымкі, якую атрымае Беларусь пасьля зьмены ўлады — як Плян дапамогі ЭЗ на 3 мільярды эўра.
На форуме 27–28 кастрычніка беларускія лідэры, міжнародныя дыпляматы і экспэрты абмяркоўваюць практычныя рашэньні гэтых задач. Прадпрымальнікі падзеляцца тым, зь якімі праблемамі сутыкаюцца бізнэсы ў Беларусі і пасьля рэлякацыі і як можна дапамагчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ў Беларусі вырасьце хутчэй: цэны ці заробкіСьвятлана Ціханоўская выступіла на адкрыцьці форуму. Таксама выступяць чальцы яе эканамічнай каманды Алесь Аляхновіч, Яўген Буры, Ірына Сазановіч і Мікалай Пракоф’еў.
Сярод беларускіх сьпікераў і гасьцей — прадпрымальнікі і мэнэджары Кірыл Валошын, Павал Лібер, Вадзім Пракоп’еў, Натальля Красько, эканамісты Сяргей Чалы, Павал Данейка, Серж Наўродзкі, адвакат Ільля Салей ды іншыя.
Сярод дыпляматаў, прадстаўнікоў уладаў і бізнэсу — кіраўнік Варшаўскай фондавай біржы Марэк Дытль, камісар Эўракамісіі па добрасуседзтве і пашырэньні Мацей Папоўскі, кіраўнік дыпляматычнай місіі Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль, віцэ-прэзыдэнт Зьвязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы Марцін Навацкі ды іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У канцлягеры немагчыма пабудаваць моцную эканоміку». Што паказала дасьледаваньне праблем жыхароў рэгіёнаўГенэральны дырэктар варшаўскай фондавай біржы Марэк Дытль:
«Я вельмі рады, што мы прымаем такое важнае мерапрыемства. Яно важнае і для нас, і для беларускай супольнасьці. Спадзяюся, што ў хуткім часе вы зможаце вярнуцца ў Беларусь і будзеце там будаваць свае кампаніі. Але нават тады вы будзеце падтрымліваць добрыя адносіны з нашай краінай. Супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы будзе тады карысным і нашай, і беларускай эканоміцы».
Памочнік Сьвятланы Ціханоўскай Мікалай Пракоф'еў у сваім выступленьні зазначыў, што мэта форуму — аб'яднаць беларускі бізнэс за мяжой і прадэманстраваць, што ў яго вялізны патэнцыял.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новае апытаньне кіраўнікоў беларускіх ІТ-кампаній паказала іх пэсымізм у ацэнцы бізнэс-кліматуСьвятлана Ціханоўская ў выступленьні онлайн адзначыла, што «нелегітымная ўлада выкарыстоўвае ўсе формы перасьледу прадпрымальнікаў».
«У Беларусі нярэдкія выпадкі, калі беларускіх бізнэсоўцаў саджаюць па надуманых абвінавачаньнях, а потым патрабуюць велізарнага хабару. Яны не прызнаныя палітвязьнямі, бо іх перасьледуюць з эканамічных прычын».
Ціханоўская адзначыла, што чакаецца пагаршэньне сытуацыі, бо «дзяржаўны доўг вельмі высокі, а стаўка рэфінансаваньня вельмі нізкая». Ціханоўская лічыць, што многія кампаніі будуць спустошаны і зачынены, многія бізнэсоўцы будуць вымушаныя ўцякаць, каб ня сесьці ў турму, таму важна абараніць беларускі бізнэс.
«Мы заўсёды будзем дзякаваць краінам, якія працягнулі нам руку дапамогі, калі мы ў гэтым мелі патрэбу. У мяне пазытыўнае бачаньне эканамічнай будучыні ў свабоднай краіне. Мая эканамічная каманда працуе над неабходнымі эканамічнымі рэформамі».
Таксама Сьвятлана Ціханоўская сказала, што прыватны сэктар будзе расьці дзякуючы рэформам, а Эўрапейскі Зьвяз дасьць 3 мільярды эўра ў якасьці падтрымкі для будучыні Беларусі, падтрымаюць беларусаў і асобныя дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выказалася супраць рэвалюцыйнай зьмены ўлады ў Беларусі