ЦВК Узбэкістану абвясьціў Шаўката Мірзіёева абраным прэзыдэнтам. Паводле папярэдніх вынікаў выбараў, якія агучыла ЦВК, за яго прагаласавалі 80,1% выбаршчыкаў.
Паводле ЦВК, Максуда Варысава ад Народна-дэмакратычнай партыі атрымала 6,6% галасоў, Алішэр Кадзіраў ад Дэмакратычнай партыі — 5,5%, Нарзула Абламурадаў ад Экалягічнай партыі — 4,1%, і Бахром Абдухалімаў ад Сацыял-дэмакратычнай партыі «Адалат» — 3,4%.
Усе выбарчыя бюлетэні падлічаны, адзначыў кіраўнік Цэнтравыбаркаму Зайнідзін Нізамхаджаеў. У выбарах узялі ўдзел 16 212 343, або 80,4%, зарэгістраваных выбарнікаў (20 158 907 — апошнія дадзеныя). У датэрміновым галасаваньні ўзялі ўдзел больш за 421 тысячу чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўзбэкістане прайшлі прэзыдэнцкія выбарыШматлікія палітычныя аналітыкі, журналісты і праваабаронцы адзначаюць, што выбары ва Ўзбэкістане нельга назваць канкурэнтнымі: да іх не былі дапушчаныя прадстаўнікі апазыцыі. Дзейнаму кіраўніку дзяржавы Шаўкату Мірзіёеву супрацьстаялі толькі прадстаўнікі іншых праўладных партый.
Зь перамогай на выбарах прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева ўжо павіншавалі Ўладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Касым-Жамарт Такаеў. Аднак афіцыйных вынікаў ЦВК яшчэ не абвяшчала.
- Раней зьявілася інфармацыя, што дзейны прэзыдэнт краіны Шаўкат Мірзіёеў набраў на выбарах кіраўніка дзяржавы 90% галасоў. У ЦВК гэта абверглі, удакладніўшы, што афіцыйныя вынікі галасаваньня будуць абвешчаныя толькі ў другой палове дня. А канчатковыя вынікі галасаваньня стануць вядомыя да канца кастрычніка.