Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўзбэкістане прайшлі прэзыдэнцкія выбары


Прэзыдэнт Шаўкат Мірзіёеў прыйшоў на выбарчы ўчастак прагаласаваць, 24 кастрычніка 2021
Прэзыдэнт Шаўкат Мірзіёеў прыйшоў на выбарчы ўчастак прагаласаваць, 24 кастрычніка 2021

Чакаецца, што дзейны прэзыдэнт Шаўкат Мірзіёеў будзе пераабраны на новы тэрмін.

У нядзелю ва Ўзбэкістане прайшлі прэзыдэнцкія выбары, падчас якіх дзейны кіраўнік дзяржавы Шаўкат Мірзіёеў практычна гарантавана будзе пераабраны на другі тэрмін, піша Голас Амэрыкі.

Прагназаваная перамога Мірзіёева дазволіць яму паглыбіць яго ў цэлым пасьпяховую кампанію рэформаў, што, верагодна, прывядзе да далейшага адкрыцьця Ўзбэкістану для зьнешняга гандлю і інвэстыцый пры захаваньні цэнтралізаванай палітычнай сыстэмы.

64-гадовы лідэр аднавіў адносіны Ўзбэкістану з Расеяй і Захадам, якія сталі нацягнутымі пры ягоным папярэдніку Ісламе Карымаве.

«Я галасаваў за Шаўката Мірзіёева, грунтуючыся на рэальнай сытуацыі, — сказаў 42-гадовы жыхар Ташкенту Ахмаджон Турдзімуродаў. — Мы бачылі, што ён зрабіў за апошнія гады, перамены прыйшлі проста нам дадому. Я не хачу казаць напышлівых слоў, але гэта факт, што мы сталі сьведкамі пазытыўных зьменаў ва ўсіх сфэрах».

Мірзіёеў таксама паслабіў абмежаваньні на рэлігійную дзейнасьць, утаймаваў магутныя службы бясьпекі і вызваліў некаторых палітычных зьняволеных, якія апынуліся за кратамі з прычыны нецярпімага стаўленьня Карымава да іншадумства.

Аднак у краіне да гэтага часу не зарэгістравана ніводнай сапраўды апазыцыйнай партыі, і хоць блогеры і СМІ цяпер могуць крытыкаваць высокапастаўленых чыноўнікаў і ўздымаць вострыя пытаньні, яны ніколі не нападаюць на самога прэзыдэнта.

Чатыры іншыя кандыдаты былі вылучаныя партыямі, якія падтрымліваюць прэзыдэнта.

Мірзіёеў паабяцаў скараціць беднасьць за кошт хуткага эканамічнага росту і паступовай дэцэнтралізацыі сыстэмы прыняцьця рашэньняў, перадаўшы частку паўнамоцтваў раённым радам.

Да 11-ай раніцы па мясцовым часе больш за траціну выбаршчыкаў ужо прынялі ўдзел у галасаваньні, таму Цэнтральная выбарчая камісія Ўзбэкістану прызнала, што прэзыдэнцкія выбары адбыліся.

Усяго ў краіне зарэгістравана прыкладна 19,86 мільёна выбаршчыкаў.

Участкі зачыніліся а 20:00, а папярэднія вынікі выбараў чакаюцца ў панядзелак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG