Хроніка перасьледу 23 кастрычніка. Арышты за плякат «Спыніце нелегальную міграцыю» і налепку з Пагоняй

Будынак Міністэрства замежных спраў у Менску, архіўнае фота

20 кастрычніка мужчына выйшаў з плякатам «Остановите нелегальную миграцию/Stop illegal migration» да Міністэрства замежных спраў. Гэта быў 35-гадовы Віктар Яныш.

Яго затрымалі і абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаваньні.

На судзе 22 кастрычніка Віктар Яныш расказаў, што быў сьведкам таго, як мігрант зьбіраўся нелегальна перайсьці мяжу, зьвярнуў на гэта ўвагу прадстаўнікоў улады, але яны ніяк не адрэагавалі. Гэта абурыла мужчыну, таму ён вырашыў выйсьці з плякатам.

Судзьдзя Ленінскага раёна Юлія Шут выслухала Яныша і арыштавала на 15 содняў, паведаміла «Вясна».

Менчука арыштавалі за бел-чырвона-белую налепку на машыне

21 кастрычніка машыну 30-гадовага Андрэя Фалюка спыніла ДАІ і заявіла, што машына лічыцца сагнанай. Але ў пастарунку на яго склалі пратакол за «пікетаваньне» бел-чырвона-белай налепкай з гербам Пагоня на шыбе

На судзе 22 кастрычніка Андрэй Фалюк сказаў, што налепка вісела яшчэ з 2018 году.

Судзьдзя Алена Жывіца пакарала яго 15 соднямі арышту, паведаміла «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ператрус без панятых, 30 гадзін у «стакане», трое сутак у ізалятары. Апалітычны інспэктар трапіў у жорны сыстэмы за налепку, якую ня клеіў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Добрускай папяровай фабрыцы перад візытам Лукашэнкі звальняюць 70 «неляяльных» працаўнікоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 кастрычніка: затрымалі абаронцаў Курапатаў, вынесьлі новы вырак дзяўчыне, затрыманай падчас суду ў «справе студэнтаў»