У Малдове ўвялі рэжым надзвычайнага становішча ў сувязі з дэфіцытам газу

У Малдове востры недахоп газу, энэргія даражэе

«Газпром» у два разы павялічыў цану за газ — Малдова ня можа прыняць такую прапанову.

Парлямэнт Малдовы на прапанову ўраду ўвёў рэжым надзвычайнага становішча з прычыны дэфіцыту газу ў краіне. Адпаведная пастанова была ўхваленая галасамі дэпутатаў кіруючай Партыі дзеяньня і салідарнасьці на пазачарговым паседжаньні ў пятніцу, якое трансьлявала прэс-служба заканадаўчага органу.

Падчас надзвычайнага становішча, ад 22 кастрычніка да 20 лістапада, Камісія па надзвычайных сытуацыях «створыць умовы для апэратыўнага закупу адсутных аб’ёмаў прыроднага газу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Малдовы заклікала вывесьці расейскія войскі з Прыднястроўя

Раней паведамлялася, што ўрад Малдовы рыхтуецца абвясьціць надзвычайныя захады ў сувязі з вострым дэфіцытам газу і адсутнасьцю альтэрнатывы расейскаму пастаўшчыку — «Газпрому». Гэты найбуйнейшы газавы манапаліст рэзка скараціў пастаўкі газу ў Малдову адначасова з разрастаньнем крызісных зьяваў у эўрапейскай энэргетыцы.

Прэм’ер-міністар Малдовы Наталія Гаўрыліца заявіла, што ціск у газаправодах краіны ўпаў да крытычнага ўзроўню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Газпром» амаль у чатыры разы скараціў транзыт празь Беларусь. Што гэта азначае для беларускага бюджэту?

Краіна з насельніцтвам 2,6 мільёна чалавек, разьмешчаная паміж Румыніяй і Ўкраінай, дамагаецца тэрміновай падтрымкі ад пастаўшчыкоў у Эўрапейскім Зьвязе. Тэрмін дзеяньня доўгатэрміновага кантракту з «Газпромам» канчаецца. Расейскі канцэрн запатрабаваў ад Кішынёва аплату, якая ўдвая перавышае ўмовы цяперашняга кантракту.

Цяпер кампаніі «Малдова-Газ» і «Газпром» вядуць перамовы. Тым ня менш прэм’ер-міністар Гаўрыліца папракнула нацыянальную газавую кампанію ў няздольнасьці падтрымліваць ціск у газаправодах краіны.

У Брусэлі вырашылі падтрымаць Малдову. ЭЗ прапануе разгледзець магчымасьць рэвэрсных паставак газу ў Малдову з Румыніі, Славаччыны і Ўкраіны.

Украіна паабяцала дапамагчы

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў паведаміў, што прэм’ер-міністар Малдовы Наталія Гаўрыліца 22 кастрычніка зьвярнулася зь лістом да ўкраінскага ўраду з просьбай дапамагчы пастаўкамі прыроднага газу.

«Малдова просіць пэўны аб’ём газу, і мы лічым, што мы можам гэтай краіне дапамагчы», — паведаміў Аляксей Данілаў. Паводле яго, Рада нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны даручыла Кабінэту Міністраў разгледзець і вырашыць пытаньне аб дапамозе.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі ўдакладніў, што газ будзе перададзены Малдове не на камэрцыйных умовах. «Мы паставім газ, але не за грошы, а потым Малдова мусіць вярнуць нам гэты аб’ём газу», — удакладніў ён.