Сьцяпана Латыпава затрымалі ў верасьні 2020 году, калі ён абараняў мурал «дыджэям перамен» і папрасіў у невядомых паказаць пасьведчаньне. На пачатку суду ён уставіў сабе ў горла востры прадмет і спрабаваў зрабіць самагубства.
Мяркуе, што зьменаў ня будзе яшчэ некалькі гадоў
Сяброўка Сьцяпана, якая папрасіла не называць ейнага імя, расказала, што ён па-ранейшаму на «Валадарцы», чакае разгляду апэляцыі.
У сярэдзіне верасьня Латыпаў пісаў, што знаёміцца з аўдыёзапісамі судовага працэсу і «перажывае ўсё зноў». Ён выказаў думку, што сытуацыя ў Беларусі ня зьменіцца яшчэ некалькі гадоў.
Ліставаньне са Сьцяпанам кепскае. Апошнім часам ён стаў пісаць больш лістоў, але мала што зь іх даходзіць. Прычым ягоныя лісты ад часу знаходжаньня ў «прэс-хаце» (памяшканьне, дзе для вязьня ствараюць невыносныя ўмовы, б’юць, катуюць. — РС) сталі карацейшыя, менш падрабязныя, менш адкрытыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаў горш чуць пасьля зьбіцьця, 11 месяцаў ня бачыў сябе ў люстэрка. Што расказаў Латыпаў бацьку на спатканьні пасьля суду
Арбарыст па-ранейшаму дасылае сваім карэспандэнтам вожыкаў у малюнках і арыгамі.
«Гэта вожык Матыльда, яна любіць валошкі і сьпяваць», — прадставіў ён адну са сваіх вожычых.
Яму таксама многія шлюць паштоўкі з вожыкамі, нехта складае для яго казкі пра вожыкаў.
Перажывае, што набраў вагу за кратамі
У другой палове жніўня Сьцяпан пісаў, што «вельмі стаміўся, не разумее, што адбываецца і чаго чакаць», што «вельмі перажывае за бацьку і сяброў, за ўсіх».
«Сьцяпан ня мае беспадстаўнага аптымізму наконт сваёй найбліжэйшай будучыні, аднак ён не прыгнечаны і не ў дэпрэсіі. Хоць настрой бывае розны: вядома, сытуацыя зусім ня простая і не вясёлая», — заўважае сяброўка.
Сьцяпан піша, што яго цягне да сьвежага паветра, да дрэваў, туды, дзе ёсьць неба.
У верасьні палітвязень паведаміў, што да яго дайшла пасылка ад сяброўкі з сушаным мясам, якое ён вельмі любіць.
«Ён шкадуе, што хутка „гэтае шчасьце“ скончыцца, бо ў калёніі яму будуць дазволеныя перадачы і пасылкі толькі ад сваякоў і ў вельмі невялікай колькасьці», — тлумачыць суразмоўца.
Што Латыпаў просіць у сяброў, каб яму дасылалі:
- сушанае мяса і рыбу, але несалёныя, бо салёнай ежы ў вязьняў шмат;
- любое дазволенае смачнае мяса («Сьцяпан — вялікі мясаед»);
- сушаныя ягады бяз цукру.
Салодкага і выпечкі ён ня просіць, бо хоча схуднець.
Сяброўка мяркуе, што Латыпаў пакрысе адаптуецца да існых абставінаў, бо пачаў думаць пра час, які наперадзе. Ён пераймаецца, што набраў вагу. Плянуе ў наступныя 8 год прывесьці сябе ў добрую форму. Вядома, што раней ён займаўся спортам у дворыку для прагулак.
Зрабіў прышчэпку ад каранавірусу, чытае 20 выданьняў штомесяц
Пасьля спробы суіцыду парэз у Сьцяпана загаіўся добра, без ускладненьняў, без запаленьня. Дзеля гэтага яму перадавалі ў СІЗА адпаведныя лекі, плястыры.
Цяпер на здароўе Сьцяпан ня скардзіцца. Адзінае, што ў яго зьявіўся хранічны кашаль, бо ў камэры шмат кураць. Латыпаў перахварэў на каранавірус яшчэ летась увосень. Вядома, што ён рабіў за кратамі прышчэпку ад каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьцяпан Латыпаў падчас прысуду. ВІДЭАУ камэры Латыпава ёсьць тэлевізар. Сябры і знаёмыя падпісалі яго на вялікую колькасьць выданьняў, прыкладна 20 часопісаў і газэт у месяц. Сярод іх навінавыя выданьні: газэты «Ганцавіцкі час», «Инфо Курьер», навукова-папулярныя часопісы і газэты, як Discovery, «Популярная механика», «Родная прырода», «Беларускі гістарычны часопіс», «Краязнаўчая газета». Газэту «Беларусы і рынак», якую яму выпісваюць, вязьню не перадаюць.
Адвакатка наведвае яго штотыдзень.