На пачатку тыдня Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра спыненьне аказаньня плянавай мэдычнай дапамогі ў амбуляторна-паліклінічных арганізацыях праз сытуацыю з каранавірусам. На наступны дзень Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў пастанову Мінздароўя і загадаў аднавіць плянавыя агляды і апэрацыі. 21 кастрычніка памочнік Лукашэнкі Аляксандар Косінец заявіў, што ўсё застаецца як і раней, але папярэдне пацыентам трэба будзе здаць ПЛР-тэст на COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя патлумачыла, што прыпыніла плянавую дапамогу ў паліклініках праз сытуацыю з каранавірусам«Дапамога ў галіне анкалёгіі, кардыялёгіі, траўматалёгіі, нэўралёгіі і нэўрахірургіі, пэдыятрыі, акушэрства і гінэкалёгіі, плянавая стаматалёгія — гэтую дапамогу будуць аказваць у поўным аб’ёме», — сказаў журналістам памочнік Лукашэнкі Аляксандар Косінец, якога цытуе БЕЛТА.
Ці будзе тэст на COVID-19 платным для пацыентаў, якія зьвяртаюцца па плянавую мэдычную дапамогу, не ўдакладняецца. Кошт ПЛР-тэсту ў Беларусі цяпер — ад 17 рублёў.
Паводле Косінца, паколькі ў раённых, гарадзкіх паліклініках і бальніцах ложкавы фонд заняты дзеля аказваньня дапамогі хворым з каранавірусам, для плянавай дапамогі задзейнічаюць абласныя бальніцы і рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры.
Да плянавай мэдычнай дапамогі адносяцца скрынінг, рэабілітацыя, фізіятэрапія, лекаваньне ў аддзяленьнях дзённага знаходжаньня, плянавая стаматалягічная дапамога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў скасаваць пастанову Мінздароўя і вярнуць плянавыя агляды і апэрацыі