Улады Масквы вырашылі ўвесьці строгія абмежаваньні ў працы шэрагу ўстановаў, каб стрымаць далейшы рост захворваньняў на COVID-19, перадае РБК.
З 28 кастрычніка ў Маскве:
- зачыняюцца ўсе нехарчовыя крамы, будуць працаваць толькі аптэкі і крамы, якія рэалізуюць тавары першай неабходнасьці;
- зачыняюцца ўсе кавярні і рэстараны;
- зачыняюцца прадпрыемствы, якія аказваюць бытавыя паслугі грамадзянам, а таксама салёны прыгажосьці, фітнэс-клюбы, басэйны;
- спыняюць працу стаматалягічныя кабінэты, за выключэньнем выпадкаў аказаньня экстранай дапамогі;
- зачыняюцца кінатэатры, музэі, канцэртныя залі, цыркі;
- тэатры і музэі можна будзе наведваць толькі па QR-кодах.
З 8 лістапада і да паляпшэньня эпідэмічнай сытуацыі ў сталіцы Расеі толькі з QR-кодамі будзе магчымым наведваньне грамадзянамі канцэртных, забаўляльных, культурных, відовішчных, асьветніцкіх, спартовых мерапрыемстваў з адначасовай прысутнасьцю больш як 500 чалавек.
Кампаніям, якія аказваюць вочныя паслугі грамадзянам, рэкамэндуецца самастойна прыняць рашэньне аб выкарыстаньні QR-кодаў.
Указ аб абмежаваньнях падпісаў мэр Масквы Сяргей Сабянін. Працадаўцаў мэр абавязаў перавесьці на дыстанцыйны рэжым працы ня менш як 30% ад агульнай колькасьці супрацоўнікаў. Улады Маскоўскай вобласьці таксама аб’явілі пра абмежаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская ці кітайская? Мікрабіёляг пра даступныя ў Беларусі вакцыныРаней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ пра падаўжэньне выходных дзён у Расеі з 30 кастрычніка па 7 лістапада. Улады рэгіёнаў атрымалі магчымасьць вызначыць дадатковыя непрацоўныя дні да 30 кастрычніка або падоўжыць іх пасьля 7 лістапада, зыходзячы з санітарна-эпідэмічнага становішча, сказана ва ўказе.
Таксама расейскія ўлады абвясьцілі аб новых спосабах падтрымкі бізнэсу ў пандэмію: прадпрыемствы змогуць атрымаць разавы грант і ўзяць крэдыт пад 3% гадавых зь вялікай растэрміноўкай. Прадстаўнікі гандлёвых цэнтраў у Маскве ў адказ заявілі, што гатовыя пайсьці на любыя захады, каб іх не зачынялі, пра што паведаміў прэзыдэнт Саюзу гандлёвых цэнтраў Булат Шакіраў. Уладальнікі гандлёвых цэнтраў гатовыя аплаціць працу «COVID-патрулёў», якія б сачылі за выкананьнем санітарных захадаў у будынках.
Па стане на 20 кастрычніка ў Расеі колькасьць тых, хто захварэў на COVID-19 за суткі, дасягнула 34 073 чалавек, у Маскве — 5 847. Таксама за суткі было зафіксавана 1028 сьмерцяў, гэта новы рэкорд з пачатку пандэміі, згодна з афіцыйнай статыстыкай. За два дні да гэтага быў пастаўлены абсалютны рэкорд ў захворваньні ў краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэргі ля могілак і акцыі пратэсту. Як ва Ўкраіне супрацьстаяць новай хвалі каранавірусу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бабруйску начным клюбам загадалі правяраць сэртыфікаты аб вакцынацыі ці ПЦР-тэсты