Мужа і жонку восьмы раз запар пакаралі суткамі
Судзьдзя падчас працэсу парушыла прэзумпцыю невінаватасьці і сама шукала доказы віны, адзначаюць праваабаронцы.
Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева павінны былі выйсьці на волю 22 і 23 кастрычніка пасьля амаль 100 сутак на Акрэсьціна. Замест гэтага над імі прайшлі чарговыя суды паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці).
У Ленінскім РУУС Менска на мужа і жонку бесперапынна працягваюць складаць пратаколы за перасыл адзін аднаму навінаў з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мужа і жонку за перапіску сёмы раз пакаралі арыштамі. За кратамі яны прабудуць амаль па 100 сутак21 кастрычніка справы сужэнцаў разглядзела судзьдзя Тацяна Шоцік. Праігнараваўшы памылкі ў матэрыялах, яна зноў арыштавала Сяргея і Анастасію на 13 сутак кожнага. Агулам яны правядуць на Акрэсьціна 112 і 111 сутак адпаведна.
Нягледзячы на тое, што маладыя людзі амаль 4 месяцы будуць за кратамі ў нечалавечых умовах, ім давядзецца сплаціць вялізарныя грошы за харчаваньне ў ЦІП — больш за 1 600 рублёў на кожнага.
Сілавікі затрымалі сябра Каардынацыйнай рады
Паводле праваабаронцаў, у Менску сілавікі затрымалі сябра Каардынацыйнай рады Мікалая Шыбеку.
Па словах ягонай дзяўчыны, дома ў актывіста адбыўся ператрус, канфіскавалі ноўтбук і тэлефоны. Пасьля гэтага Мікалая Шыбеку даставілі на допыт у Камітэт дзяржбясьпекі.
Сёлета ў сакавіку Мікалай Шыбека адбыў 30 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі.
Да затрыманага журналіста Мажэйкі ўжо 10 дзён ня могуць трапіць адвакаты
Да затрыманага журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзя Мажэйкі, які знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіне, ужо 10 дзён ня могуць патрапіць адвакаты. Пра гэта паведаміла «КП» ягоная маці. Выданьне піша, што ў СІЗА працягнулі карантын на нявызначаны тэрмін, Генадзю нельга нічога перадаць і няма зваротнай сувязі. Пры гэтым сьледчыя з бацькамі не зьвязваліся.
На дадатак да акцый асудзілі за зьдзек са сьцяга
Палітвязьняў, якія адбываюць пакараньне, ізноў асудзілі, інфармуюць праваабаронцы «Вясны».
У судзе Жлобінскага раёну вынесены прысуды ў крымінальнай справе аб зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК).
На лаве падсудных — мясцовыя жыхары, палітвязьні Ільля Патрушаў і Віктар Шмігельскі. Сёлета ў сакавіку ім ужо прысудзілі па 3 гады калёніі за ўдзел у акцыях пратэсту ў Жлобіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Згодна з матэрыяламі абвінавачваньня, у верасьні 2020-га маладыя людзі зьнялі з аддзяленьня «Белпошты» афіцыйны сьцяг і зайшлі ў суседні двор, дзе «працягнулі абразьлівыя дзеяньні ў дачыненьні да дзяржаўнага сымбаля».
Судзьдзя Натальля Качалава прызнала іх вінаватымі і прысудзіла па 1 годзе «хіміі» кожнаму.
Па сукупнасьці пакараньняў палітвязням прысудзілі агулам 2 гады і 8 месяцаў калёніі. Такім чынам, да ранейшага пакараньня дадалося яшчэ па два месяцы калёніі.
У культуроляга Зарэцкай другі за год ператрус
«Я на волі. Супрацоўнікі міліцыі абмежаваліся допытам і ператрусам. Афіцыйная прычына абсалютна фантасмагарычная: нейкі цэлы падпалкоўнік з Магілёва вырашыў, што я датычная да дэструкцыйнай дзейнасьці ў сетцы „Аднаклясьнікі“ і ў мяне дома знаходзяцца матэрыялы, якія праліваюць сьвятло на завадатараў абразаў супрацоўнікаў міліцыі», — напісала Аксана Зарэцкая ў фэйсбуку.
Ператрус у яе праводзілі і 26 траўня. Тады забралі тэхніку і правялі размову «пра недапушчальнасьць супрацьпраўных дзеяньняў». 16 чэрвеня Аксану Зарэцкую і ўсіх гледачоў затрымалі падчас прэмʼеры спэктакля зь ейным удзелам «Белы трус, чырвоны трус».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 кастрычніка: новыя затрыманьні ў Менску і Магілёве