Лукашэнка: «Хопіць будаваць шпіталі і школы. Лішніх сродкаў няма»

Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка загадаў спыніць будаваць лякарні і школы, а вызваленыя грошы раздаць лекарам і настаўнікам.

«Хопіць будаваць шпіталі і школы, — сказаў Лукашэнка ў часе размовы з супрацоўнікамі Менскага абласнога клінічнага шпіталя. — Трэба гэтыя грошы аддаць у заробкі лекарам і настаўнікам. Лішніх сродкаў няма. А калі ёсьць, траціць будзем на абсталяваньне, лекі, навуку, укладаць у лекараў, а ня проста ў сьцены».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад парады лячыцца гарэлкай да забароны прымусовай вакцынацыі. Што Лукашэнка казаў пра каранавірус

Пры гэтым паабяцаў, што замарожаны больш за 10 гадоў праект будаўніцтва новага корпусу абласной лякарні будзе завершаны зь фінансавай дапамогай Кітая. Але папярэдзіў: каб было аптымальна і функцыянальна, бо ў цяперашнім выглядзе «зашмат празьмернасьцяў».

Лукашэнка ў белым халаце наведаўся ў «чырвоную зону» лякарні, дзе лечаць пацыентаў з COVID-19, паведамілі афіцыйныя СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў скасаваць пастанову Мінздароўя і вярнуць плянавыя агляды і апэрацыі

Раней Лукашэнка называў каранавірус «псыхозам» і «фэйкам». Гэтым разам ён заявіў, што гатовы прышчапіцца, але толькі беларускай вакцынай.