Пра дзейнасьць арганізацыі ва ўмовах рэпрэсій пагутарылі з актывістам «Маладога фронту» Мікалаем. У пачатку размовы малады чалавек папярэдзіў, што гэта несапраўднае ягонае імя, і прасіў не распытваць пра месца, дзе ён знаходзіцца.
«Малады фронт» узьнік у 1990-х як моладзевая структура Беларускага народнага фронту, але потым аддзяліўся ад БНФ і пачаў самастойнае палітычнае жыцьцё. У Беларусі МФ так і ня быў зарэгістраваны і шмат гадоў прэзэнтаваўся як арганізацыя, зарэгістраваная ў Чэхіі. Некалі ў арганізацыі было больш за сто сяброў, яе былыя кіраўнікі Павал Севярынец і Зьміцер Дашкевіч сталі значнымі палітычнымі асобамі, акцыі «Маладога фронту», як паходы да амбасадаў у Дзень сьвятога Валянціна ці абароны Курапатаў, увайшлі ў аналы найноўшай гісторыі краіны. А што з «Маладым фронтам» цяпер?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёй удалося адчыніць акно і выгукнуць: „Жыве Беларусь!“». Алена Леўчанка пра Натальлю Хершэ, якая сёньня адзначае дзень народзінаў«Распускаць арганізацыю не плянуем»
Паводле Мікалая, у складзе арганізацыі засталося некалькі дзясяткаў сяброў, але дакладнай лічбы цяпер ніхто ня ведае, бо агульнага сходу не праводзілі ўжо два гады. Мікалаю вядома, што лідэра арганізацыі Дзяніса Ўрбановіча сёлета сілавікі зноў затрымлівалі і патрабавалі ад яго заявіць пра самароспуск арганізацыі, але Дзяніс на гэта не пайшоў. Мікалай перакананы, што нават калі б такі заклік прагучаў, ён ня меў быў выніку, бо, па ягоных словах, спыняць дзейнасьць ніхто не плянуе.
«Мы ўсе давалі клятву на адданасьць Беларусі, гэта ў нашых сэрцах. Таму чыесьці заклікі на гэта ня могуць паўплываць, як і забароны. Але так, пакуль арганізацыя публічна дзейнічаць ня мае магчымасьці, уласна кажучы, як і іншыя дэмакратычныя структуры. МФ ніколі не займаўся дзейнасьцю па-за законам і цяпер на гэта не нацэлены, але нават тое, што дазваляе Канстытуцыя, цяпер немагчыма», — расказаў Мікалай.
Актывіст пералічыў віды дзейнасьці, якія найбольш цікавілі маладафронтаўцаў:
- прапагандавалі каштоўнасьці беларускай дзяржавы і дэмакратыі,
- адстойвалі правы беларусаў,
- праводзілі акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі,
- бралі ўдзел у акцыях у абарону незалежнасьці,
- несьлі вахту каля Курапатаў, абаранялі нацыянальны мэмарыял.
За гэта рэгулярна сядзелі на «сутках».
Калі адбыліся апошнія выбары, актывісты «Маладога фронту» ўдзельнічалі ў пратэставых маршах, патрабавалі новых выбараў і спыненьня гвалту.
«Апошняй уласнай акцыяй быў пікет каля „Валадаркі“ ў верасьні 2020 году, тады там яшчэ сядзелі вядомыя апазыцыянэры, змагары за незалежнасьць Беларусі — Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Сяргей Ціханоўскі ды іншыя. Але з таго часу ўзровень рэпрэсій павысіўся неймаверна і цяпер падобныя акцыі — проста самагубства. А мы мусім захаваць свае шэрагі, захаваць свае сілы, бо барацьбы яшчэ будзе шмат», — кажа Мікалай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьміцер Дашкевіч прапанаваў новы фармат «Ночы расстраляных паэтаў»Ці шмат маладафронтаўцаў выехала зь Беларусі?
Паводле Мікалая, большасьць сяброў арганізацыі засталіся ў Беларусі, за мяжу выехалі тыя актывісты, каму рэальна пагражалі рэпрэсіі. Такіх ужо каля дзесяці, мяркуе Мікалай.
«Але тых, хто зьехаў, усё болей. Прыйдзе час, плянуем правесьці сход з выніковай прэсавай канфэрэнцыяй, на якой абвесьцім нашы пляны. Месца пакуль называць ня буду», — кажа актывіст.
Мікалай пералічыў прозьвішчы актывістаў МФ з Менску ды іншых месцаў Беларусі, якія цягам 2020 і 2021 гадоў адбывалі адміністрацыйныя арышты. «Сядзелі хто 10, хто 15, хто нават 25 сутак. Ёсьць і тыя, хто па некалькі разоў», — расказаў Мікалай. У якасьці прыкладу ён назваў Дзяніса і Максіма Ўрбановічаў, Віталя Трыгубава.
«Дзянісу падчас апошняй адседкі на Акрэсьціна адбілі нырку, цяпер мусіць праходзіць курс лячэньня. З такой жа праблемай сутыкнуўся і Арсень Чыжык зь Петрыкава, які і цяпер за кратамі», — расказаў Мікалай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён параіў нам мэдыкамэнты і абсьледаваньне». Зь беларусамі, якія хаваюцца ў амбасадзе Швэцыі, пагутарыў швэдзкі лекар«На Арсеня асабіста ўзлаваліся кіраўнікі рудніка»
Арсень Чыжык — былы работнік рудніка ў Петрыкаве, структуры ў аб’яднаньні «Беларуськалій». Летась у канцы жніўня Арсеня Чыжыка звольнілі нібыта за прагулы, якімі палічылі дні, што ён правеў пад арыштам на Акрэсьціна. Загад аб звальненьні падпісаў асабіста гендырэктар «Беларуськалію». Арсень лічыць, што кіраўніцтва ўзлавалася на яго за тое, што расказаў незалежным мэдыя пра сытуацыю на «Беларуськаліі».
Пасьля звальненьня Арсень Чыжык жыў у Жыткавічах, у доме маці, і там быў зноў арыштаваны. Гэтым разам як фігурант крымінальнай справы — за відэакамэнтар аб выпадку з айцішнікам Андрэем Зельцарам, які пры ўварваньні ў ягоную кватэру супрацоўнікаў КДБ аднаго зь іх застрэліў. Цяпер Арсеня Чыжыка вінавацяць паводле 130 і 362 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, за распальваньне варожасьці і зьнявагу службовай асобы, сьцьвярджае актывіст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За камэнтары пра справу Андрэя Зельцара затрымалі маладафронтаўца Арсеня Чыжыка«Ведаю, што браць Арсеня прыехалі супрацоўнікі КДБ. Пасьля ён быў моцна пабіты, і яго таксама білі па нырках — знарок, каб надоўга ў чалавека засталіся праблемы са здароўем. Цяпер ён у Гомлі, у мясцовым СІЗА. Турэмнікі запэўніваюць, што там яго ня б’юць, але як яно папраўдзе, ніхто ня ведае. Яму спрабавалі знайсьці адваката, але двойчы ўжо гэта зрывалася. Адвакат пагаджаецца, але потым як даведаецца больш пра справу, адмаўляецца. Прычын не называюць», — расказаў пра Арсеня Чыжыка ягоны паплечнік у «Маладым фронце» Мікалай.
Вядома, што ў доме маці Арсеня Чыжыка ў Жыткавічах прайшоў вобшук, у жанчыны забралі мабільны тэлефон.
Якім бачаць маладафронтаўцы бліжэйшую будучыню Беларусі?
Мікалай асьцерагаецца, што рэпрэсіі ў краіне будуць працягвацца і нават павялічвацца, бо «кіраўніцтва апынулася ў віры страху».
«Лукашэнка баіцца за сябе і ўцягвае ў такі ж панічны стан сваё атачэньне. Нездарма ў рэпартажы пра нараду з кіраўнікамі сілавых структураў іх твары заблюраныя; значыць, і яны баяцца адказнасьці за тыя загады, якія працягваюць аддаваць падначаленым. Мае знаёмыя шарагоўцы ў сілавых структурах пацьвярджаюць, што панічныя настроі там адчуваюцца. Ніхто ня ведае, як доўга гэта працягнецца, але ўсё ж я б не разьлічваў на тое, што сілавікі зьбяруцца і самі вырашаць праблему са сваім начальнікам. Больш веру ў просты народ», — кажа Мікалай.
Актывіст успамінае жнівень мінулага году.
«Ніхто напярэдадні выбараў ня мог прадказаць, што столькі людзей не пабаяцца заявіць пра сваю пазыцыю. Страх, як і рэжым, ня вечны, і ўсё можа паўтарыцца насуперак рэпрэсіям», — мяркуе актывіст «Маладога фронту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Пагоню“ на заплечнік наляпілі ў міліцыі». У Петрыкаве за «суткі» на Акрэсьціна звольнілі супрацоўніка «Беларуськалію» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьліжэўскі, Чамаданава, Наскевіч. Каму з топ-чыноўнікаў адданасьць Лукашэнку не дапамагла захаваць пасаду