Белстат апублікаваў зьвесткі аб замежным гандлі ў студзені–жніўні 2021 году.
Вялікая доля замежнага гандлю прыпадае на Расею — блізу 49% ад усяго вонкавага аб’ёму. Удзельная вага расейскага напрамку перавысіла сукупную долю астатніх 99 краін, якія ўвайшлі ў топ-100 гандлёвых партнэраў Беларусі (48,2%). Ніякая іншая дзяржава рэгіёну ня мае такой канцэнтрацыі таварных патокаў на адным партнэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія беларускія тавары сталі менш набываць за мяжойАле «саюзная» залежнасьць наўпрост рэзануе на памеры адмоўнага сальда гандлю таварамі. За 8 месяцаў — мінус 4,398 млрд даляраў у эквіваленце (за аналягічны пэрыяд летась — мінус 1,643 млрд). Прычынай эканамісты называюць апераджальны ўздым імпарту з Расеі. Калі экспартныя пастаўкі ў гэтую краіну вырасьлі на 22% супастаўна зь мінулым годам, то імпарт падскочыў адразу на 46%.
На другім месцы пасьля Расеі ў суме адмоўнага сальда гандлю таварамі ідзе Кітай — мінус 2,023 млрд даляраў за 8 месяцаў. Летась гэты паказьнік быў менш глыбокім — мінус 1,852 млрд. «Дзірка» ў гандлёвым абароце гэтаксама тлумачыцца істотнай розьніцай у аб’ёмах паставак. Так, калі экспарт зь Беларусі склаў 540 млн даляраў, то імпарт амаль у пяць разоў большы — 2,564 млрд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: South China Morning post: «Кітай мусіць паважаць даўні ўплыў Расеі на Беларусь»Нягледзячы на намаганьні для нарошчваньня экспарту ў КНР, яго доля сярод іншых краін за 8 месяцаў склала ўсяго 2,2%. А вось доля кітайцаў у імпарце непараўнальна большая — амаль 10%.
Такім чынам, адмоўнае сальда гандлю таварамі з Расеяй і Кітаем склала рэкордныя мінус 6,421 млрд даляраў. Па выніках мінулага году было ледзь не ўдвая менш — мінус 3,495 млрд.