Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў ягоны сын Юрась Фурс.
Антон Фурс нарадзіўся 30 красавіка 1927 году. Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе. Падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусьветную вайну наведваў беларускую школу ў сваёй вёсцы, працягваў навучаьнне ў Глыбоцкай прагімназіі, калі яна адкрылася ў 1943 годзе.
З надыходам савецкіх войскаў, маючы 16 гадоў, паступіў у Глыбоцкую пэдагагічную вучэльню, дзе разам зь сябрамі стварыў нелегальнае таварыства «Саюз беларускіх патрыётаў», якое ставіла перад сабой культурна-асьветныя задачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як студэнты ўплывалі на лёс БеларусіАнтон Фурс быў арыштаваны 8 лютага 1947 году і асуджаны да сьмяротнага пакараньня, але ў сувязі з адменай сьмяротнага пакараньня ад 20 траўня 1947 году атрымаў 25 гадоў пазбаўленьня волі.
Адбываў тэрмін у лягеры паблізу г. Турынску (Сьвярдлоўская вобласьць Расеі), а потым яго перавялі ў лягеры ў Карагандзе ў Казахстане. У Карагандзе браў удзел у паўстаньні лягераў КАРЛАГу ў 1955 годзе.
У 1955 году быў датэрмінова вызвалены зь лягераў, адбыўшы там 9 гадоў. Пэўны час жыў у Беларусі, дзе ажаніўся са знаёмай яшчэ па СБП Алесяй Умпіровіч, якая да гэтага часу таксама выйшла на волю. Да 1982 году разам з жонкай жыў у Карагандзе, дзе працаваў на будаўніцтве. Па выхадзе на пэнсію пераехаў у Беларусь.
У лістападзе 1992 году, як і шэраг некаторых іншых сябраў СБП, быў рэабілітаваны «праз адсутнасьць складу злачынства».
У 2019-м атрымаў мэдаль у гонар 100-годзьдзя БНР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэтэрану беларускага супраціву Антону Фурсу ўручылі мэдаль у гонар 100-годзьдзя БНРУ сакавіку 2020 году падчас аднаго з «Падарожжаў Свабоды» з Антонам Фурсам пагутарыў журналіст і пісьменьнік Зьміцер Бартосік.
Чатыры гады таму ня стала ягонай жонкі Алесі Фурс (Умпіровіч). У 1943, у часе вучобы ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі Алеся ўступіла ў Саюз Беларускіх Патрыётаў, 25 сакавіка 1946 году для цырымоніі прысягі сяброў арганізацыі на вернасьць Беларусі намалявала «Пагоню». У 1948 яе арыштавалі і прысудзілі да 25 гадоў канцлягеру ў Мардовіі. У 1956, пасьля вызваленьня, пабралася шлюбам з Антонам Фурсам, жылі ў Казахастане. У 1982 вярнуліся на радзіму, пасяліліся ў Паставах. Рэаблітаваная ў 1993 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерла сяброўка Саюзу беларускіх патрыётаў Алеся Фурс (Умпіровіч)