Як стала вядома reform.by, Валянцін Уласік быў затрыманы яшчэ 30 ліпеня, калі ехаў на адпачынак у Харватыю ў кампаніі сяброў і сваёй дзяўчыны. Пры перасячэньні вугорска-харвацкай мяжы вугорскія памежнікі паведамілі хлопцу, што ён абвешчаны ў міжнародны вышук, і затрымалі яго.
Артыкул, паводле якога Уласік быў абвешчаны ў вышук, невядомы. Але вядома, што справа зьвязаная зь нявыплатай алімэнтаў. Па словах дзяўчыны Валянціна Ірыны Нетунахінай, у маладога чалавека сапраўды раней былі праблемы зь нявыплатай алімэнтаў падчас яго выезду на заробкі за мяжу, але потым ён усё выплаціў, і справу закрылі. Былая жонка таксама ня мае да яго прэтэнзій.
У Беларусі Ўласік быў актывістам валянтэрскага руху, дапамагаў сваякам затрыманых каля ізалятара на Акрэсьціна, а таксама развозіў па дамах вызваленых адтуль удзельнікаў пратэстаў. За гэта яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці, пасьля чаго ён пакінуў Беларусь у верасьні 2020 году і жыў у Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канец памылковай экстрадыцыі. Беларуса Вадзіма Дубойскага вярнулі ў БелгарадЦяпер Уласік у сьледчым ізалятары Будапэшту. Тут ён чакае суду аб экстрадыцыі ў Беларусь. Суд прызначаны на сьнежань. Уласік мае адваката. Акрамя таго, прававую дапамогу яму аказвае Цэнтар беларускай салідарнасьці ў Варшаве.
Як паведаміла каардынатарка ЦБС Вольга Дабравольская, пасьля затрыманьня Валянцін Уласік зьвярнуўся да вугорскіх уладаў па палітычны прытулак і, згодна з Дублінскімі дамовамі, павінен быў быць выдадзены Польшчы як першай краіне ўезду. Але да рашэньня аб адмове ў экстрадыцыі ў Беларусь гэтага не адбудзецца.
«Цэнтар беларускай салідарнасьці таксама накіраваў у МЗС Вугоршчыны ліст, падпісаны прадстаўніком Сьвятланы Ціханоўскай Сяргеем Зікрацкім. У лісьце тлумачыцца сытуацыя і гаворыцца пра тое, што беларускія ўлады на надуманых падставах спрабуюць вярнуць тых людзей, якія былі вымушаныя эміграваць з палітычных прычын», — сказала Вольга Дабравольская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol: Лукашэнка выкарыстоўвае Інтэрпол у сваіх палітычных мэтах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракурор Швед паскардзіўся, што Польшча, Украіна, дзяржавы Балтыі ігнаруюць ягоныя запыты