МЗС Беларусі запатрабаваў ад амбасадара Францыі Нікаля дэ Лякоста пакінуць Беларусь. Пасьля выбараў 2020-га сем заходніх амбасадараў былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Што гэта значыць для дыпляматыі і зьнешняй палітыкі — тлумачыць экс-дыплямат Уладзімер Астапенка.
- Мы можам казаць, што рэжым Лукашэнкі абвясьціў дыпляматычную вайну ня толькі Францыі, але практычна ўсім краінам-суседзям Беларусі. Цяпер чарга дайшла да пасла Францыі. Адзінае пытаньне, якое застаецца: «Хто наступны будзе ў гэтай чарадзе?» Гэтыя варожыя дзеяньні рэжыму накіраваныя на тое, каб падтрымаць напружанасьць у адносінах. Зразумела, што яны павінны атрымаць адпаведную рэакцыю з боку Эўразьвязу.
- Беларусь славілася ўжо такімі сытуацыямі. Мы ведаем, што, напрыклад, з 2008 году не было паслоў ЗША ў Беларусі. Спроба аднавіць адносіны на ўзроўні паслоў не была пасьпяховая, бо ў выніку амэрыканская амбасадарка так і не атрымала беларускую візу.
- Можна меркаваць, што замежныя амбасадары перашкаджаюць рэжыму ствараць тое беззаконьне, якое мы назіраем у рэспубліцы, таму яны становяцца крайнімі ў барацьбе і ў выніку вымушаныя пакідаць краіну.
- Беларусь ужо пакінулі амбасадары Літвы, Латвіі, Польшчы, Нямеччыны, ЗША, Эўразьвязу і Францыі.
- Замежныя амбасады, якія сёньня функцыянуюць у Беларусі як у міжнародна прызнанай дзяржаве, будуць працягваць сваю працу, будуць захоўвацца каналы камунікацыі і будуць рэалізоўвацца сумесныя праекты. Адзіная справа ў тым, што легітымнасьці Лукашэнкі замежныя паслы не дададуць. І, на мой погляд, гэтая прынцыповая пазыцыя, якую заняў пасол Францыі, заслугоўвае таго, каб яна была распаўсюджаная на ўсе астатнія краіны.
- На жаль, Беларусь становіцца ўсё большым ізгоем на міжнароднай арэне. Зразумела, што такія агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да замежных дыпляматаў могуць сабе дазволіць адно краіны, якія ня маюць павагі ні да міжнароднага права, ні да дыпляматычных звычаяў, ні да культуры падтрыманьня міжнародных адносінаў. Калі ў краіне не да законаў, якія законы могуць прымяняцца на міжнародным узроўні?
- Закручваньне гаек і высылку амбасадараў можна ацэньваць як адзіночныя дзеяньні, але зразумела, што гэта выбудоўваецца ўжо ў сыстэму. А сыстэма базуецца на тым, што рэжым, па сутнасьці, абвясьціў вайну свайму народу. А пасьля гэтага гатовы абвясьціць вайну ўсім тым, хто знаходзіцца побач зь Беларусьсю.
- Беларусь, па сутнасьці, жыве ў ваенным становішчы, калі няма ні палітычных, ні сацыяльных правоў, калі закрыты выезд за мяжу, калі няма справядлівых судовых працэсаў. Гэта вайна рэжыму з уласным народам. Ахвярамі гэтай вайны становяцца і замежныя дыпляматы, што можна ацаніць як дастаткова лягічны працяг вайны на ўнутраным фронце на фронт зьнешні.