У Міністэрстве аховы здароўя растлумачылі, чаму быў уведзены новы загад, якім часова прыпынілі аказаньне плянавай мэдыцынскай дапамогі ў амбуляторна-паліклінічных арганізацыях сыстэмы аховы здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: Міністэрства здароўя Беларусі прыпыніла аказаньне плянавай дапамогіГаворка ідзе аб правядзеньні дыспансэрызацыі, скрынінгу, рэабілітацыйнай дапамогі, фізіятэрапэўтычных працэдур, маніпуляцый падчас знаходжаньня ў аддзяленьнях дзённага знаходжаньня.
У тым ліку прыпыняецца:
- правядзеньне дыспансэрызацыі,
- скрынінгавыя мерапрыемствы,
- аказаньне рэабілітацыйнай дапамогі,
- выкананьне фізіятэрапэўтычных працэдур,
- лячэньне ў аддзяленьнях дзённага знаходжаньня,
- плянавая стаматалягічная дапамога.
«Улічваючы эпідэмічную сытуацыю, сёньня Міністэрству аховы здароўя падаецца мэтазгодным паставіць больш жорсткія рамкі ў працы амбуляторна-паліклінічнага зьвяна. Пры гэтым загадам павялічваецца час працы КТ-кабінэтаў у Менску. Гэта дапаможа павысіць частату выяўленьня і забясьпечыць своечасовую шпіталізацыю і аказаньне дапамогі пацыентам з COVID-19. Акрамя таго, вызваляючы мэдыкаў ад плянавай дапамогі, мы павялічваем колькасьць кантактных брыгад на выездах. Сытуацыя з каранавіруснай інфэкцыяй прымушае расстаўляць прыярытэты», — гаворыцца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка папярэдзіў чыноўнікаў пра крымінальную адказнасьць за «эпідэмічную катастрофу» ў БеларусіТаксама ўнесьлі зьмены ў графік працы амбуляторна-паліклінічнага зьвяна Менску і ў Рэкамэндацыі (часовыя) аб арганізацыі аказаньня мэдыцынскай дапамогі пацыентам з інфэкцыяй COVID-19. У прыватнасьці, нагрузка на апараты кампутарнай тамаграфіі мусіць павялічыцца на 45%, а таксама перагледжаны рэжым працы кабінэтаў з тамаграфіяй, дапускаецца іхная праца па нядзелях з улікам магчымасьцяў у выпадку візыту пацыента з падазрэньнем на COVID-19.
Загадам вызначылі дазаваньне прэпаратаў барыцытыніб і тофацытыніб, якія выкарыстоўваюць пры лячэньні.
«Асобы зь ліку кантактаў першага і другога ўзроўню, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжаньня дзяцей і дарослых, належыць ізаляваць на 14 дзён з нагоды кантакту з хворымі і па заканчэньні тэрміну ізаляцыі дапускаць у калектывы пры адсутнасьці сымптомаў вострай рэсьпіраторнай інфэкцыі», — гаворыцца ў загадзе.
Траціну ложкаў у беларускіх шпіталях ужо перапрафілявалі для хворых з каранавіруснай інфэкцыяй, заявіў міністар здароўя Дзьмітры Піневіч. Гэта 32 тысячы ложкаў.