«Дзевяноста шосты»: Лукашэнка гаворыць на Радыё Свабода і зноў хлусіць

  • Сяргей Навумчык

Аляксандар Лукашэнка, 1996

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.



У палітыцы эфэктыўным бывае як красамоў’е, гэтак і яго адсутнасьць. Адны і тыя ж аргумэнты можна паўтараць бясконца, асабліва, калі апанэнты ня маюць роўных магчымасьцяў для адказу. Аляксандар Лукашэнка падзеі 24 сакавіка ў інтэрвію карэспандэнту беларускай рэдакцыі радыё "Свабода«Галіне Айзэнштадт пракамэнтаваў наступным чынам (падаю на мове арыгіналу):

«Эта акция, она уже давно была задумана, она инспирирована была соответствующими людьми, она была оплачена, туда со всей республики пришли автобусы, которые привезли, э-э-э, бэнээфовцев (это были бэнээфовцы). Сегодня идёт разбирательство, все эти автобусы были зарагистрированы. Кто платил, кто возил, почему сюда везли. Мы ведь не запрещали митинг».

Як і ўсё, што я чуў ад Лукашэнкі з моманту нашага знаёмства вясной 1990 году, гэтая заява была напалову хлусьлівай. Альбо, калі ўлічыць, што нават частка хлусьні пазбаўляе словы даверу — хлусьлівай цалкам.

Мы не рабілі таямніцы з падрыхтоўкі да гадавіны БНР — я ўжо прыгадваў і прэсавую канфэрэнцыю, і зварот Аргкамітэту, распаўсюджаны сярод журналістаў.

Сьпіс «соответсьвующих людзей» — Аргкамітэту на чале з Быкавым — таксама быў вядомы. Само гэтае вызначэньне — «соответствующие люди» — у вуснах Лукашэнкі гучала нэгатыўна, ён нібыта як цураўся назваць імёны сваіх апанэнтаў. Гэтае ж слова ў адным са сваіх выступаў, не па паперцы, ён аднойчы скарыстаў і ў дачыненьні да беларускай мовы — «на соответствующем языке», чым пацьвердзіў сваё грэблівае да яе стаўленьне.

Канешне, ніякіх арганізаваных аўтобусаў не было — у нас па-просту не хапіла б на гэта грошай. Хаця я ня бачу крамолы ў тым, што нехта з бізнэсоўцаў выдаткаваў ці арэндаваў бы аўтобус, каб хтосьці з Паставаў альбо Глуску, зь Нясьвіжу ці Смаргоні прыехаў паслухаць Быкава і Пазьняка. Але абсалютнай большасьці прадпрымальнікаў даражэй быў іх бізнэс. Так што аўтобусаў не было.

«Но скажите, Галина Иосифовна, как бы поступили на Западе, если бы было такое нарушение? Неужели вы не смотрите телевидение и не видите, как в таких случаях поступают? Разбираются капитально!

Я ведь контролировал каждую минуту вот этого события. И единственное только просил — чтобы ни в коем случае не устроили провокации.

Я же ведь знал: стоило только милиции где-то кого-то толкнуть так, чтобы действительно пролилась кровь, Галина Иосифовна — завтра не только в „Свободе“ это б было. Да, они устраивали стычки с милицией, входили в столкновение, — я требовал от милиции, не вступая ни в какую конфронтацию, подобных вещей не прщать. И я вам скажу, что наши военнослужащие — спасибо им, кстати, за это — с достоинством вели себя в течение этого полудня. С достоинством!» (радыё «Свабода», 26 сакавіка 1996).


Нешта вельмі падобнае Лукашэнка ўжо казаў — на наступны дзень пасьля зьбіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ, калі гвалтоўна была спыненая галадоўка пратэсту. Тады на сэсіі Вярхоўнага Савету Лукашэнка заявіў:

«Знал или не знал Президент о том, что происходило здесь, в моей резиденции, в резиденции Правительства? Уважаемые депутаты! Ну конечно же, знал.

Президент не просто знал. Президент каждые 30 минут был информирован, как глава государства, министром обороны о том, что происходит здесь... Я абсолютно не препятствовал никаким действиям МВД, спецподрзделениям...

Единственное, я просил: учтите, вас провоцируют. Ни в коем случае даже не царапните этого человека, поскольку будет гвалту на весь мир». (Стэнаграма сэсіі Вярхоўнага Савета Беларусі, 12 красавіка 1995).


Вось так — усё ведаў, кожную хвіліну кіраваў, папярэджваў, каб ня білі, і ніхто нікога не зьбіваў. Акрамя толькі як у адказ на правакацыі, без якіх ці то дэпутаты парлямэнту, ці то нацыянальна сьвядомая моладзь і дня пражыць ня могуць.

Дарэчы, гэта апошняе інтэрвію Лукашэнкі Радыё Свабода — у наступныя чвэрць стагодзьдзя звароты журналістаў радыё застануцца без адказу.

Пазьней выказваліся розныя вэрсіі, чаму Галіне Айзэнштадт удалося дамагчыся той. Думаю, прычына простая. Яны рабіла інтэрвію з Лукашэнкам яшчэ ў гады ягонага дэпутацтва, тады, калі ён мала каго з журналістаў цікавіў. Лукашэнку такая ўвага тады, канешне, была на карысьць — вось ён і адказаў на просьбу. Але ў апошні раз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Як Лукашэнка рыхтаваўся штурмаваць Крэмль
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Мёртвыя паўстаюць і ідуць галасаваць супраць БНФ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: БНФ мяняе тактыку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Васіль Быкаў: У гарадах плошчы на тое і існуюць, каб на іх зьбіраўся народ. У нас гэта — месца, дзе адбываюцца рэпрэсіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Пазьняк: Чалавек, якога выбралі рабы і які здрадзіў Бацькаўшчыне, — перастаў быць прэзыдэнтам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: «Моцна зьбілі дзяўчыну, а мужчыну, які яе бараніў, мардасты міліцыянт стукнуў рацыяй па галаве, і той заліўся крывёю»

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.