Сьцісла
- Афіцыйны Менск ускладаў на саміты ЭАЭС вялікую надзею.
- Пуцін плянаваў прыехаць у Менск, аднак перадумаў.
- У выніку ў Менск ніхто з кіраўнікоў не прыляцеў, саміты ЭАЭС і СНД прайшлі ў рэжыме онлайн.
- Адмова Пуціна прыехаць у Менск — гэта помста Крамля за пагром «Комсомольской правды».
- У стасунках паміж Менскам і Масквой адбываецца пахаладаньне.
14–15 кастрычніка ў Менску адбыліся саміты ЭАЭС і СНД. Беларуская сталіца стала месцам іх правядзеньня паводле чаргі. Здавалася б, нічога новага, шараговая падзея, звычайная рутына.
Аднак беларускае кіраўніцтва ўскладала на гэтыя саміты вялікую надзею. Беларусь у міжнароднай ізаляцыі, Лукашэнку востра патрэбныя кантакты на найвышэйшым узроўні, каб даказаць замежнапалітычную легітымнасьць. А такіх кантактаў відавочна бракуе. Міжнароднае ізгойства існага рэжыму цяжка схаваць нават ад прыхільнікаў, якія глядзяць БТ. Бо і для іх, напрыклад, ускладнілася магчымасьць ляцець адпачываць да цёплага мора.
Таму саміты ЭАЭС і СНД павінны былі паказаць, што ніякай ізаляцыі няма, замежныя лідэры прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі. І галоўным доказам магло стаць зьяўленьне ў Менску прэзыдэнтаў постсавецкіх дзяржаў. Маўляў, пра якую ізаляцыю, якое ізгойства можна гаварыць, калі краіна прымае аж два міжнародныя саміты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін не прыедзе ў Менск у сярэдзіне кастрычніка, як чакаў ЛукашэнкаУпэўненасьці плянам афіцыйнага Менску надавала тое, што зусім нядаўна, 16 верасьня, саміт АДКБ у Душанбэ прайшоў у рэжыме офлайн. Толькі Пуцін не прыехаў, бо ў ягоным атачэньні захварэлі на COVID, астатнія ж прысутнічалі ў сталіцы Таджыкістану ўжывую. А ў АДКБ уваходзяць фактычна тыя ж краіны, што і ў ЭАЭС.
Таму Аляксандар Лукашэнка выпраменьваў аптымізм. 12 верасьня, падчас наведваньня вайсковых вучэньняў, ён паведаміў пра пляны сустрэцца з Пуціным на саміце СНД у Менску 15 кастрычніка.
«Мы, каб не перагружацца ў прыняцьці рашэньняў, дамовіліся, што перад Вышэйшым дзяржсаветам ён прыляціць да нас у Менск, дзесьці 15 кастрычніка будзе ў нас саміт СНД... і мы абмяркуем канкрэтыку», — сказаў ён.
У той жа дзень прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў гэта: «Так, такія пляны ёсьць».
27 верасьня кіраўнік выканкаму СНД Сяргей Лебедзеў заявіў: «Мы вельмі ўсе спадзяёмся, што пасяджэньне Савету кіраўнікоў дзяржаў пройдзе ў вочным фармаце. На гэты момант пакуль ніхто з кіраўнікоў дзяржаў не адмовіўся ад удзелу ў вочным фармаце ў пасяджэньні ў Менску». Усё так цудоўна складалася!
Аднак у апошні момант нешта пайшло ня так. 11 кастрычніка стала вядома, што Пуцін у Менск не прыедзе. І тут жа высьветлілася, што астатнія лідэры постсавецкіх краін таксама перадумалі. Ці то атрымалі адмашку з Масквы, ці то самі добра зразумелі сыгнал з Крамля. У Менск ніхто не прыляцеў. Атрымаўся «аблом». У выніку саміты ЭАЭС і СНД прайшлі ў рэжыме онлайн, празь відэасувязь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліткансультант Шкляраў: Пуцін — закладнік ЛукашэнкіЧаму не прыляцеў Пуцін? Ня думаю, што прычыны тут у ягоным здароўі. Бо ён праводзіць сустрэчы згодна са сваім працоўным графікам, у тым ліку з замежнымі палітыкамі.
Выкажу гіпотэзу, што адмова Пуціна прыехаць у Менск — гэта помста Крамля за пагром «Комсомольской правды». Міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў, які знаходзіўся ў Менску на паседжаньні кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў СНД, заявіў, што абмеркаваў гэтую тэму з Уладзімерам Макеем. То бок гэтае пытаньне было вылучана ім асобна.
Дарэчы, Лукашэнка Лаўрова не прыняў. Што даволі паказальна. Бо Лукашэнка звычайна прымае губэрнатараў нават заняпалых расейскіх губэрняў. А тут зь міністрам замежных спраў РФ не сустрэўся. Што пацьвярджае пахаладаньне ў адносінах паміж Менскам і Масквой.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея ўказала». Пасьля арышту журналіста «Камсамолкі» Лаўроў абмеркаваў працу расейскіх СМІ ў Беларусі з Макеем