Імя «17 верасьня» зьбіраюцца даць дагэтуль безназоўнаму бульвару ў межах вуліц Кірава, Леніна, Ульянаўскай і стадыёна Дынама, паведамілі «Мінск-навіны».
Таксама камісія вырашыла даць запраектаванай вуліцы ў Масюкоўшчыне імя расейскага савецкага пісьменьніка, ляўрэата Сталінскай прэміі Сьцяпана Злобіна (1903—1965). Гэтая вуліца пройдзе паралельна вуліцы Пятра Глебкі ад вуліцы Чычурына да чыгункі, цяпер там часткова дваровы праезд. Сьцяпан Злобін падчас вайны трапіў у нямецкі палон, частку зь якога перад вывазам у Нямеччыну адбыў у Менску. У 1920-я адначасова з Злобіным у масоўскім літаратурна-мастацкім інстытуце вучыўся Ўладзімер Дубоўка. У 2017-м былі апублікаваныя ўспаміны Дубоўкі пра Злобіна, якія ён даслаў у 70-я ягонай удаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лідзе зьявілася вуліца 17 верасьня. Такіх у Беларусі звыш 90Месяц таму імя 17 Верасьня далі вуліцы ў Лідзе. А ўсяго ў Беларусі больш за 90 такіх назваў.
Ад 2021 году Аляксандар Лукашэнка пастанавіў адзначаць у Беларусі 17 верасьня як Дзень народнага адзінства.
Што такое «Дзень народнага адзінства» ў Беларусі
Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава — Рыбэнтропа»). 17 верасьня 1939 году савецкая Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.
Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся: пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў ці парадаў у гэтыя дні не праводзілася.
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваў сьвята «Дзень народнага адзінства».
Рашэньне адзначаць падзеі 17 верасьня 1939 году як дзяржаўнае сьвята выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў суседзяў — у МЗС Літвы заявілі, што афіцыйны Менск «ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя».
У польскім МЗС заснаваньне сьвята назвалі «часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну». У Варшаве не сумняваюцца, што Лукашэнка выконвае тым самым расейскую палітыку перагляду складанай гісторыі рэгіёну.
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў гэтую дату «Днём адзінства двух таталітарызмаў».