Кіраўнік расейскай кампаніі «Транснефть» выступіў з дэмаршам да беларускага ўраду

Прэзыдэнт расейскай кампаніі «Транснефть» Мікалай Токараў.

Прэзыдэнт расейскай кампаніі «Транснефть» Мікалай Токараў прыгразіў пакінуць беларускі рынак.

У выпадку рэалізацыі дэмаршу расейскай нафтавай кампаніі пад пагрозай апынецца транзыт нафтапрадуктаў ад расейскіх і беларускіх НПЗ празь Беларусь у Вугоршчыну і Латвію.

«Кампанія „Транснефть“ дапускае прыпыненьне дзейнасьці даччынага прадпрыемства ў Беларусі — „Захад-Транснафтапрадукт“. На нас пастаянна чыніцца бюракратычны ціск, празь які пагаршаецца эканамічнае становішча. У справу ўключыліся праваахоўнікі, пракуроры, падаткавікі, вельмі шмат ведамстваў, якія прыходзяць не дапамагчы, а наглядаць, правяраць. Мы, вядома, глядзець на гэта спакойна ня будзем», — сказаў журналістам прэзыдэнт кампаніі Мікалай Токараў падчас «Расейскага энэргетычнага тыдня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская нафта пайшла ў Беларусь у буйных аб'ёмах пасьля 100 дзён перапынку

Па яго словах, прадпрыемства, на якім занятыя 700 беларускіх грамадзян, «фактычна абяскроўленае, працуе ў мінус». Такая сытуацыя ніяк ня можа задавальняць, падкрэсьліў Мікалай Токараў. Ён перакананы, што эканамічнае становішча даччынага прадпрыемства «рукатворна пагоршана» ўладамі Беларусі.

«Транснефть» мае намер правесьці эканамічны аўдыт сваёй беларускай кампаніі, ацаніць пэрспэктывы і, зыходзячы з гэтага, «прымаць рашэньне». Падпісаньне пакету ўзгодненых дакумэнтаў чакаецца да канца кастрычніка.

«Калі пасьля гэтага сытуацыя ня зменіцца, тады давядзецца вырашаць пытаньне аж да прыпыненьня дзейнасьці прадпрыемства», — канстатаваў Мікалай Токараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэсавы сакратар «Транснафты» — пра пагрозу нацыяналізацыі Беларусьсю расейскай «Захад-Транснафтапрадукт»

Сёлета ў лютым кіраўніцтва «Транснефть» абвінаваціла ўлады Беларусі ў спробе нацыяналізацыі «Захад-Транснафтапрадукту». Згодна з заявамі кампаніі, павелічэньне падатковай нагрузкі на транзыт расейскай нафты і нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі стварае перадумовы да банкруцтва.

Ад пачатку году Менск амаль утрая павялічыў стаўку падатку на прыбытак для прадпрыемстваў, якія займаюцца транзытам сыравіны і паліва, — з 18% да 50%, увёўшы пры гэтым яшчэ і экалягічны падатак.