26 красавіка 1986 году на Чарнобыльскай АЭС адбыліся два выбухі. У выніку цалкам разбурыўся рэактар чацьвёртага энэргаблёку станцыі, што прывяло да найбуйнейшай катастрофы за ўсю гісторыю атамнай энэргетыкі. У тым жа годзе Бруханава і яшчэ пяць чалавек арыштавалі і судзілі. Ён атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрыял «Чарнобыль»: кінавэрсія vs вэрсія ліквідатараўУ Бруханава была інваліднасьць другой групы. Да 1991 году ён адбываў пакараньне ў калёніі Луганскай вобласьці, дзе працаваў сьлесарам у кацельні. Партал «Медиазона» пісаў, што падаць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне яму ўдалося з дапамогай адміністрацыі калёніі, якая выдала былому начальніку станоўчую характарыстыку. Выйшаўшы на волю, ён уладкаваўся на працу ў «Укрінтэрэнэрга».
Пакінутую сям’ёй Бруханава кватэру ў Прыпяці арганізатары паўлегальных экскурсій у «зону адчужэньня» паказваюць усім ахвотным. Пасьля вызваленьня там пабываў і сам экс-дырэктар ЧАЭС: «Лепш бы не хадзіў. Мы з жонкай не ўзялі адтуль ніводнай рэчы. Прыйшоў — нічога не засталося. Толькі зламанае крэсла, i тое ня з нашага дому... Чуў, што сёньня там можна пасядзець за „маім“ працоўным сталом. Блюзьнерства».
«Усе абаранялі гонар сваіх мундзіраў! Толькі мяне ніхто не абараніў. Я лічу так: калі б сыстэма абароны рэактара была нармальна сканструяваная, то аварыі б не адбылося», — прыводзіць «Медиазона» словы Бруханава аб судовым разглядзе.
У красавіку 2021 году Служба бясьпекі Ўкраіны абнародавала сакрэтныя дакумэнты па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС. Сярод апублікаваных дакумэнтаў КДБ быў самы першы даклад аб выбуху ад Віктара Бруханава.