Яго затрымалі 10 чэрвеня 2020 году, разам з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі». На наступны дзень яго арыштавалі на 20 сутак, але на волю ён ня выйшаў. Супраць блогера завялі крымінальную справу па 1-й частцы артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суд прысудзіў яму пяць гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Спачатку блогер адбываў пакараньне ў магілёўскай турме № 4. Цяпер ліст, які атрымала знаёмая блогера Паліна Сьцепаненка, прыйшоў з калёніі ў Бабруйску.
«Паколькі ў мяне няма блізкіх сваякоў, то цяпер ніхто ня можа мне аказаць ніякай дапамогі, ні перадач, ні грашовых пераводаў, ні тэлефанаваньняў, ні спатканьняў у мяне ня можа быць, і я поўнасьцю цяпер застаюся без падтрымкі», — піша зьняволены блогер.
У лісьце Зьміцер піша, што атрымаў ліст Паліны Сьцепаненкі ад 19 жніўня гэтага году ўжо ў Бабруйску напрыканцы верасьня. Ён дзякуе ёй за падтрымку.
Паводле Паліны Сьцепаненкі, ліст ад Зьмітра, які яна сёньня атрымала ў Воршы, датаваны 6 кастрычніка.
«Доўгі час ад Зьмітра лістоў не было, і гэта першы ліст з калёніі ў Бабруйску. Я ведала, што павінен быў быць этап, але ня ведала куды. Сёньня атрымала ліст, і на ім уразіў знаёмы адрас на канвэрце: гэта тая самая калёнія, дзе раней сядзеў Алесь Бяляцкі, а ў часы СССР — дысыдэнт Міхаіл Кукабака», — кажа Паліна.
Паводле Паліны, блізкіх сваякоў у Зьмітра Казлова няма, яго бацькі памерлі.