«Палярызацыя грамадзтва, якая расьце, становіць пагрозу для будучыні Беларусі па меры росту дэзынфармацыі, прапаганды і падтрымкі больш шчыльнай інтэграцыі з Расеяй», — да такой высновы прыйшлі экспэрты Chatham House Belarus Initiative па выніках сацыялягічнага дасьледаваньня, прысьвечанага Беларусі.
Новае сацыялягічнае дасьледаваньне беларускага грамадзтва, праведзенае арганізацыяй Chatham House Belarus Initiative, паказвае, што прыхільнікі Лукашэнкі складаюць толькі чвэрць насельніцтва, а астатняя частка пароўну дзеліцца паміж прыхільнікамі пратэставага руху і больш пасіўнымі назіральнікамі.
Апытаньне было праведзенае ў пэрыяд з 23 ліпеня па 3 жніўня 2021 году з выкарыстаньнем мэтаду кампутарнага вэб-інтэрвію (CAWI). Пытаньні разаслалі па розных групах, адпаведных агульнай структуры гарадзкога насельніцтва Беларусі, вынікі скарэктавалі паводле полу, памеру населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі рэспандэнтаў. Апытаньне прайшлі 794 грамадзяніны Беларусі, статыстычная хібнасьць не перавышае 3,5%.
Асноўныя высновы з апытаньня:
ЭЛЕКТАРАЛЬНЫЯ ПЕРАВАГІ
Абазнанасьць
- Пасьля Лукашэнкі (яго ведаюць 95% апытаных) самыя вядомыя палітыкі ў Беларусі — пратэставыя: Ціханоўская (90%), Бабарыка (86%), Ціханоўскі (83%), Цапкала (75%), Калесьнікава (68%) і Латушка (63%).
- Высокі ўзровень веданьня лідэраў апазыцыі робіць іх найбольш значнымі фігурамі на палітычнай арэне Беларусі нават сярод прыхільнікаў Лукашэнкі.
- Пры гэтым прыхільнікі дзейнай улады горш ведаюць дзяржаўных дзеячоў, адсюль — іх нізкія рэйтынгі і ўзровень даверу.
Рэйтынгі
- Рэйтынгі лідэраў пратэсту значна перавышаюць рэйтынгі дзяржаўных чыноўнікаў, апошнія ўзначальваюць сьпісы «антырэйтынгу».
- Віктар Бабарыка застаецца найбольш папулярным кандыдатам у прэзыдэнты: 33% гарадзкіх жыхароў Беларусі лічаць яго годным прэзыдэнтам, 22% — найбольш годным. Ягоны антырэйтынг таксама адносна нізкі: крыху больш за 20% беларусаў заявілі, што ніколі не прагаласавалі б за яго.
- Лукашэнку ў ліпені лічылі найбольш годным прэзыдэнтам 27% апытаных: ягоны электарат больш кансалідаваны, у той час як апазыцыянэры маглі б выбіраць паміж палітыкамі з падобнымі поглядамі. У той жа час каля паловы гарадзкіх беларусаў кажуць, што ніколі б не прагаласавалі за яго.
- У парах галасаваньня лідзіруюць Бабарыка і Латушка: у выпадку, калі б яны засталіся ў раўндзе галасаваньня сам-насам з Лукашэнкам, за іх гатовыя былі б аддаць свае галасы каля паловы гарадзкіх беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давер украінцаў да Лукашэнкі імкліва зьніжаецца. Горш ва Ўкраіне ставяцца толькі да Пуціна
Давер
- Як і ў выпадку з рэйтынгамі, лідэрам пратэсту давяраюць значна больш, чым чыноўнікам (акрамя былога прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, які жыве за межамі Беларусі і якога многія ня лічаць часткай дзейнага рэжыму).
- У ліпені вырасла доля тых, хто ня ўпэўнены ў сваім стаўленьні да дзяржаўных дзеячоў і да дзеячоў пратэсту: усе большая колькасьць людзей ня ведае, давяраць ім ці не.
- Узровень даверу да дзяржаўных структураў і інстытутаў застаецца надзвычай нізкі: толькі арміі давярае прыкладна траціна беларусаў, у астатніх арганізацый узровень даверу яшчэ ніжэйшы.
- Незалежныя СМІ, прафсаюзы і праваабарончыя арганізацыі карыстаюцца значна большым даверам сярод беларусаў, чым дзяржаўныя.
- Усё больш людзей ня могуць ясна выказаць сваё стаўленьне да дзяржаўных інстытутаў — гэта можа гаварыць пра рост стомленасьці ад палітыкі ў грамадзтве.
МІЖНАРОДНЫЯ АДНОСІНЫ
Стаўленьне да замежных дзяржаў
- Гарадзкія беларусы па-ранейшаму лепш за ўсё ставяцца да Расеі: 78% — хутчэй добра, зь іх кожны трэці — вельмі добра.
- Больш за 2/3 беларусаў добра ставяцца да Кітаю — гэта другі па велічыні паказчык. Толькі ў 11% стаўленьне хутчэй нэгатыўнае — гэты паказчык найбольш нізкі ў параўнаньні зь іншымі краінамі.
- Стаўленьне да краінаў Эўразьвязу ў цэлым дастаткова пазытыўнае: толькі нязначная частка насельніцтва ставіцца да іх дрэнна.
- Горш за ўсё па-ранейшаму ставяцца да Польшчы, Літвы і ЗША.
- Для першых дзьвюх краінаў доля нэгатыўна настроеных — 18%, да ЗША дрэнна ставіцца кожны чацьвёрты гарадзкі жыхар Беларусі.
Бягучыя адносіны з Расеяй
- Стаўленьне да Ўладзіміра Пуціна хутчэй пазытыўнае (57%), чым нэгатыўнае (27%). За апошнія месяцы стаўленьне да яго ў большасьці не зьмянілася, пры гэтым кожны трэці пачаў ставіцца да яго горш.
Будучыня адносінаў з Расеяй і Захадам
- Адзіны рынак — самы прымальны варыянт супрацоўніцтва з Расеяй для 37% беларусаў, за ім стаіць зона свабоднага гандлю (33%). Іншыя варыянты ня надта падтрымліваюцца жыхарамі гарадоў.
- У параўнаньні з красавіком зьнізілася доля тых, хто лічыць, што Беларусі варта знаходзіцца ў саюзе як з Расеяй, так і з Эўразьвязам. Цяпер значна больш беларусаў выступае за неўступленьне ў геапалітычныя саюзы.
- Працягваецца тэндэнцыя на зьніжэньне долі рэспандэнтаў, якія лічаць, што Беларусь павінна застацца ў АДКБ: цяпер яна складае 50% (у параўнаньні з 63% у лістападзе).
- Зьніжэньне адбылося за кошт павелічэньня долі як тых, хто выступае за нэўтралітэт, так і тых, хто выступае за ўступленьне ў NATO.
- Беларусы маюць нэгатыўнае стаўленьне да магчымасьці разьмяшчэньня расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі: амаль 40% выказаліся супраць. Кожны трэці выказвае абыякавасьць да гэтай сытуацыі.
ГРАМАДЗКІЯ НАСТРОІ
Агульныя настроі
- Нягледзячы на няспынныя рэпрэсійныя дзеяньні ўладаў, у ліпені больш беларусаў выказвала меншы неспакой аб уласнай бясьпецы.
- 2/3 беларусаў па-ранейшаму ня згодныя з тым, што фінансавае становішча іх сямʼі апошнім часам палепшылася, тым ня менш усё больш рэспандэнтаў ня могуць даць дакладнага адказу на гэтае пытаньне.
- Значна скарацілася доля беларусаў, якія цалкам згодныя, што Беларусь чакае цяжкі крызіс: цяпер амаль 40% ня маюць пэўнай думкі ў гэтым пытаньні.
- 2/3 беларусаў працягваюць выступаць за перамовы ўладаў з апанэнтамі і вызваленьне палітвязьняў.
- Доля тых, хто хоча пакінуць Беларусь, вырасла ў параўнаньні з пэрыядам да каранавірусу на 10 п.п. — цяпер гэта амаль 40% гарадзкіх жыхароў.
- Жаданьне зьехаць ня так часта ператвараецца ў дзеяньне: толькі ~ 4% сапраўды нешта робяць, каб пакінуць Беларусь.
- Акрамя таго, больш як у 40% беларусаў сярод знаёмых ёсьць тыя, хто пакінуў краіну за апошні год.
Пратэсты
- Стаўленьне да пратэстаў стабільнае са студзеня 2021 году: прыкладна 40% гарадзкіх беларусаў ставяцца да іх станоўча, яшчэ 40% — адмоўна.
- Большасьць гарадзкіх беларусаў падтрымліваюць усе патрабаваньні пратэсту (акрамя адстаўкі Лукашэнкі — за гэта выступае 46%).
- Найбольш актуальным патрабаваньнем застаецца расьсьледаваньне дзеяньняў сілавікоў падчас пратэсту.
- За правядзеньне новых справядлівых выбараў, вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьне прымяненьня сілы выступае больш за 60%, пры гэтым пастаянна расьце доля тых, хто сумняецца і ня ўпэўнены.
Іншыя знаходкі
- Tut.by уваходзіў у ТОП-5 крыніц інфармацыі для беларусаў: яго ведае больш за 90% гарадзкога насельніцтва. 40% лічылі Tut.by найважнейшай крыніцай інфармацыі, амаль палова — важнай. Па абодвух парамэтрах Tut.by быў абсалютным лідэрам сярод усіх астатніх крыніц.
Усе высновы з апытаньня Chatham House Belarus Initiative у лічбах глядзіце тут →