Суд ва Ўкраіне вырашыў трымаць кума Пуціна пад хатнім арыштам да сьнежня

Віктар Медзьведчук

Абвінавачваньне прасіла зьмясьціць прарасейскага палітыка у турму.

Пра гэта інфармуе Голас Амэрыкі.

Украінскі суд пастанавіў арыштаваць прарасейскага палітыка Віктара Медзьведчука да сьнежня, пасьля таго як пракуратура пашырыла расьсьледаваньне яго дзейнасьці і абвінаваціла ў фінансаваньні сэпаратысцкіх фармаваньняў.

Медзьведчуку, які катэгарычна адмаўляе сваю віну і знаходзіцца пад хатнім арыштам з траўня, выстаўленае падазрэньне ў здрадзе і спробе раскраданьня дзяржаўных рэсурсаў у Крыму — частцы Украіны, якую Расея анэксавала ў 2014 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне кума Пуціна абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве

Пракуратура прасіла суд у Кіеве замяніць Медзьведчуку хатні арышт на заключэньне пад варту, заявіўшы, што ён можа ўцячы ці аказаць ціск на сьведак.

Суд адхіліў просьбу пракурораў і падоўжыў хатні арышт Медзьведчука з 31 кастрычніка па 7 сьнежня.

  • Медзьведчук — лідэр партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», якая кантралюе самую вялікую апазыцыйную фракцыю ў Вярхоўнай Радзе. Праціўнікі абвінавачваюць партыю ў прарасейскіх настроях, якія яны лічаць непрымальнымі пасьля анэксіі Расеяй Крыму і падтрымкі сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.
  • У 2004 годзе Уладзімір Пуцін стаў хросным бацькам малодшай дачкі Медзьведчука — Дар’і.