Пра гэта Свабодзе паведаміў былы судзьдзя Аляксандар Дзядок, сына якога, палітвязьня Мікалая Дзядка, апошнім часам абараняла Натальля Мацкевіч.
Сама Натальля Мацкевіч ад падрабязнага камэнтару адмовілася.
«Я б не хацела зараз камэнтаваць падрабязна падставы для завядзеньня дысцыплінарнай вытворчасьці зь меркаваньняў этыкі ў дачыненьні да сваіх калегаў, якім трэба будзе прыняць рашэньне па гэтым пытаньні. Магу сказаць, што гэта тычыцца ажыцьцяўленьня мною абароны па справе Віктара Бабарыкі на папярэднім сьледзтве ў чэрвені і ліпені 2020 году і ў адзін зь дзён красавіка 2021 у судзе», — сказала яна «Медиазоне».
Паводле Аляксандра Дзядка, ён мае дакладную інфармацыю, што Натальлю Мацкевіч ад працы ўжо адхілілі:
«Стаіць пытаньне пра пазбаўленьне яе ліцэнзіі. У майго сына ў выніку ўвогуле прававая катастрофа — ён падчас судовага сьледзтва другі раз застаецца без абароны. Спачатку пазбавілі ліцэнзіі Яўгена Маслава, цяпер пад такой жа пагрозай Натальля Мацкевіч. Тыдзень таму яна яшчэ змагла наведаць сына ў СІЗА на Валадарскага; плянавалі, што наведае ўчора, а тут такая праблема. Лічу, што гэта мэтанакіраванае пазбаўленьне права на абарону людзей, непажаданых рэжыму», — сказаў Аляксандр Дзядок.
Натальля Мацкевіч працуе ў Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. Яна абараняла
- Сяргея Ціханоўскага, суд над якім ідзе ў закрытым рэжыме з 24 чэрвеня ў Гомлі,
- экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку,
- ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлану Алексіевіч у «справе Каардынацыйнай Рады»,
- старшыню Беларускага Хэльсынкскага камітэту Алега Гулака,
- старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца,
- анархіста Мікалая Дзядка,
- кіраўніка Незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча,
- фігурантаў справы «Белага легіёну»,
- прадстаўляла інтарэсы маці зьніклага палітыка Юрыя Захаранкі Ульяны Захаранкі.
У 2018 году Наталля Мацкевіч пераканала суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіць Маскоўскаму РУУС Мінска ў высылцы прэс-сакратара Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай, адзначыла «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да Віктара Бабарыкі ў калёнію не пусьцілі адваката ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра справу Віктара Бабарыкі і «Белгазпрамбанку»