Прадстаўнік генэральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык 12 кастрычніка заявіў, што ўлады Беларусі раней ужо выказвалі ААН прэтэнзіі з нагоды прававой дапамогі, якую аказвала іх прадстаўніцтва беларусам, але арганізацыя працягне дыялёг у гэтых пытаньнях.
Пытаньне журналіста і словы Дзюжарыка ў адказ на відэа на пазнацы 16.34.
«Гэтыя пытаньні, зьвязаныя з узаемадзеяньнем паміж ААН і Беларусьсю, падымаліся на двухбаковай сустрэчы генэральнага сакратара ААН і міністра замежных спраў Беларусі, гэта было ня так даўно. Урад Беларусі выказаў нам сваю занепакоенасьць датычна адміністраваньня праграмы прававой дапамогі пэўным групам уразьлівых асобаў. Мы працягваем весьці абмеркаваньні з урадам Беларусі», — сказаў прэс-сакратар генэральнага сакратара ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей паскардзіўся кіраўніку ААН, што арганізацыя фінансавала ўдзельнікаў беларускіх пратэстаўРаней у заяве Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленьні ААН у Жэнэве гаварылася, што было ініцыявана «нямэтавае выкарыстаньне фінансавых сродкаў, якія прызначаліся для аказаньня юрыдычнай дапамогі асобам з інваліднасьцю або ахвярам хатняга гвалту». Адзначаецца, што «схема» была распрацавана ў жніўні 2020 году.
Паводле вэрсіі МЗС Беларусі, сродкі выдаткоўваліся на адвакатаў для абароны 23 грамадзян, «якія не зьяўляюцца ні асобамі з абмежаванымі магчымасьцямі, ні ахвярамі хатняга гвалту».
У заяве згадваецца, што ў «схеме» нібыта бралі ўдзел дырэктар Офісу ў правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі і юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі. МЗС Беларусі нагадаў, што ім выставілі абвінавачаньні ў злачынстве паводле ч. 2 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (махлярства, зьдзейсьненае паўторна, альбо групай асобаў). Яны былі пад вартай, Граблеўскі ў ізалятары, а Драздоўскі, з улікам інваліднасьці, пад хатнім арыштам.
Прадстаўніцтва Беларусі пры ААН заявіла, што «сьцьверджаньні аб жорсткім абыходжаньні зь Сяргеем Драздоўскім зьяўляюцца такой жа адкрытай хлусьнёй, як і ўся іншая інфармацыя, пададзеная ў дакладзе A/HRC/48/28». Таксама Прадстаўніцтва заявіла, што «Сакратарыят ААН штампуе даклады, якія цалкам адпавядаюць палітычным задачам Захаду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нягледзячы на заклік Макея не даваць слова альтэрнатыўным прадстаўнікам Беларусі, Ціханоўская выступіла ў ААН ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Lawtrend абвергла Макея: ні Драздоўскі, ні Граблеўскі не атрымлівалі ад ААН грошай на адвакацкія паслугі