Беларусы ў дэпрэсіі, чаканьне моцнага эканамічнага крызісу, у пэрспэктыве ад’езд з краіны — такія вынікі дасьледаваньня праблем жыхароў беларускіх рэгіёнаў, якое правёў дырэктар аналітычнага Цэнтру новых ідэяў, у мінулым сябра каманды Віктара Бабарыкі Антон Раднянкоў.
Пра гэта ён расказаў у эфіры Свабоды Premium.
Глядзіце размову цалкам на відэа
Асноўныя тэзісы Антона Раднянкова
- Калі характарызаваць некалькімі словамі сытуацыю ў рэгіёнах, я абраў бы «безнадзейнасьць» і «дэградацыя». Ніводнага пазытыўнага слова.
- Асноўная праблема — палітычныя рэпрэсіі, якія адбіваюцца на настроях у грамадзтве. У людзей ёсьць адчуваньне асабістай небясьпекі.
- Праз гэта зьнікае жаданьне супрацоўнічаць зь дзяржавай, зьнікае давер да ўсіх дзяржаўных інстытутаў.
- Гэта стварае пагрозу для беларускай незалежнасьці, калі беларусы разумеюць, што дзяржава не для іх.
- Эканоміка — даўняя праблема для рэгіёнаў. Вялізарная розьніца ў магчымасьцях працаўладкаваньня паміж рэгіёнамі і Менскам з той прычыны, што ў рэгіёнах дамінуе кволы дзяржаўны сэктар і цяжка паўстаць прыватнаму бізнэсу.
- Сьледам за працай другая праблема — высокія цэны. Больш за 50% людзей у сталіцы і рэгіёнах лічаць, што цэны вельмі высокія.
- Трэцяя праблема — міграцыя. Цяпер яна больш тычыцца Менску. Пасьля палітычнай міграцыі нас чакае хваля эканамічнай міграцыі, і гэтая хваля закране рэгіёны.
- Вялікі блёк праблем — якасьць жыцьця, сацыяльная сфэра, дзе таксама ўсё кепска.Сацыяльная структура дэградуе. Якасьць сацыяльных паслуг вельмі нізкая — недахоп настаўнікаў, лекары зьяжджаюць.
- У рэгіёнах жыве 7 мільёнаў чалавек. Менск — багаты горад, сам дае грошы ў дзяржаўны бюджэт. У рэгіёнах вялікая доля датацый.
- Калі пачнуцца эканамічныя праблемы, у людзей у рэгіёнах будзе дзьве мадэлі паводзінаў — зьяжджаць у Менск і іншыя вялікія гарады альбо за мяжу.
- Раней у рэгіёнах запускаліся праекты, якія фінансаваў ЭЗ, гэтых праектаў цяпер няма.
- У 2021 годзе было заплянавана адрамантаваць 16 мастоў за грошы Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. ЭБРР сышоў, не падтрымлівае гэтыя праекты, ва ўладаў грошай на гэта няма.
- Людзі ў выканкамах раней езьдзілі на Захад, мелі нейкі досьвед узаемадзеяньня, цяпер гэта ўсё зьнікае. Моцна пагаршаецца чалавечы капітал, мэнэджарскія магчымасьці.
- Раней Парк высокіх тэхналёгій быў гонарам Беларусі, у яго рэзыдэнтаў былі пляны ісьці ў рэгіёны. У абласных цэнтрах было нямала айцішнікаў, але цяпер гэтыя кампаніі зьяжджаюць.
- Улады не разумеюць, у чым іх праблемы, лічаць, што ва ўсім вінаватыя бэчэбэшнікі, «экстрэмісты і тэрарысты», якія нечакана зьявіліся па ўсёй краіне. Насамрэч грамадзтва дэпрэсіўнае з той прычыны, што ў людзей жыцьцё кепскае і становіцца горшым з кожным годам.
- Улады ствараюць фундамэнтальнае напружаньне ў грамадзтве, якое не дазволіць вырашыцца бягучаму палітычнаму крызісу.
- Мінулыя выбары былі палітычнай праявай глыбокіх эканамічных праблемаў і таго, што Беларусь прыйшла ў тупік свайго разьвіцьця.
- Неверагоднымі рэпрэсіямі ўлады нічога ня могуць зрабіць з рэгіянальнымі праблемамі. У канцлягеры немагчыма пабудаваць моцную эканоміку.
Як праводзілася дасьледаваньне
Дасьледаваньне базуецца на маніторынгу рэгіянальных СМІ, дзьвюх экспэртных фокус-групах, а таксама на аналізе 5685 анкет, атрыманых пры апытаньні праз Viber. Апытаньне праводзілася пры супрацоўніцтве з ініцыятывай «Народнае апытаньне» ў канцы чэрвеня 2021-га сярод актыўнай часткі пратэставай аўдыторыі. Таксама былі выкарыстаныя сацыялягічныя дадзеныя Chatham House і іншых інстытутаў, якія дасьледуюць меркаваньні беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць беларусаў па-ранейшаму хочуць, каб Лукашэнка сышоў — апытаньне Chatham House