У Афганістане праз крызіс мільёны дзяцей пакутуюць ад голаду, блізкая зіма будзе сьмяротнай пагрозай для вялікай колькасьці афганскіх хлопчыкаў і дзяўчатак, паведамляе DW са спасылкай на Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЭФ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афганістан: Праваабаронцы абвінавачваюць Талібан у маштабным парушэньні правоў жанчын у ГерацеПаводле апошніх ацэнак ЮНІСЭФ, да канца году каля 3,2 млн афганскіх дзяцей ва ўзросьце да пяці гадоў будуць пакутаваць ад вострага недаяданьня, каля мільёна зь іх могуць памерці. У цэлым каля 10 млн афганскіх дзяцей маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, гаворыцца ў паведамленьні.
Асабліва цяжкая сытуацыя ў сельскіх раёнах Афганістану — многія мэдычныя ўстановы тут не працуюць, становішча пагаршаюць засуха, гвалт, пандэмія каранавірусу, успышкі адру і іншых захворваньняў.
«Цяжкае становішча дзяцей у многіх раёнах у бліжэйшую зіму толькі пагоршыцца, калі сыстэма аховы здароўя ня будзе хутка стабілізаваная, а дзеці, якія маюць у гэтым патрэбу, тэрмінова не атрымаюць самае неабходнае», — папярэдзіў кіраўнік нямецкай філіі ЮНІСЭФ Крыстыян Шнайдэр.