Былы ўдзельнік «Бітлз» Пол Макартні рашуча адхіліў здагадкі, што ён нясе адказнасьць за распад групы ў 1970-х.
Выступаючы ў радыёпраграме BBC «Культурная жыцьцё», якая выйдзе ў эфір 23 кастрычніка, Макартні заявіў, што распусьціць «Бітлз» хацеў Джон Ленан.
«Я не правакаваў раскол, — сказаў Макартні. — Гэта быў наш Джоні».
Калі інтэрвіюер спытаў яго аб рашэньні пачаць самастойную музычную кар’еру, Макартні сказаў: «Пачакайце. Гэта ня я справакаваў раскол. Не, не, не. Аднойчы Джон увайшоў у пакой і сказаў: „Я сыходжу з Бітлз“. „Гэта правакацыя расколу ці не?“» — цытуе Макартні «Голас Амэрыкі».
«Справа ў тым, што Джон пачаў новае жыцьцё зь Ёка, і ён хацеў... проста паляжаць тыдзень у ложку ў Амстэрдаме, каб пазмагацца за мір. З гэтым не паспрачаесься», — цытуе Макартні ВВС.
Макартні выказаў шкадаваньне з нагоды распаду, заявіўшы, што гурт працягваў ствараць «даволі добрыя рэчы».
Ён кажа, што той час для яго быў адным з самых цяжкіх пэрыядаў. «Група была маім жыцьцём. Я думаў, што мы робім даволі добрыя рэчы — „Abbey Road“, „Let It Be“. Я хацеў працягваць», — прызнаецца Пол Макартні.