Натальля Хершэ адбывае пакараньне ў магілёўскай турме № 4 з 27 верасьня. Туды яе перавялі па рашэньні суду з гомельскай жаночай калёніі, дзе яна адмовілася шыць форму для сілавікоў.
Натальля паведаміла, што ў апошнія дні ў гомельскай калёніі яе зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА, і ў магілёўскую турму пераводзілі ўжо адтуль.
«Ехалі ў цягніку каля 8 гадзін, даволі камфортна. Я была ў форменным адзеньні калёніі і ў ватоўцы (дарэчы, супэр рэч у гэтым выпадку). І хаця прыём, на мой погляд, крыху зацягнуўся, новае месца мне спадабалася», — піша Натальля.
Натальлю Хершэ пасялілі адну, як яна піша, у прасторнай камэры на шэсьць месцаў.
«Далі добрую бялізну, добрую коўдру, але ў камэры прахалодна, пакуль ня паляць. Харчаваньне тут падобнае да харчаваньня ў калёніі, і, што вельмі важна, — ёсьць выдатныя прагулачныя дворыкі».
Паводле Натальлі, яе хвалявала праблема з валасамі, патрэбнае гарманальнае лекаваньне, і ёй даволі хутка прапанавалі кансультацыю ў спэцыяліста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы тут не ў санаторыі». З арыштнага дому выйшла на волю паштарка, якую асудзілі за распаўсюд дадзеных сілавікоўКалі Натальля расклала ў камэры свае рэчы, то заўважыла, што некаторыя зь іх зьніклі: дзёньнік, які яна вяла ў СІЗА на Валадарскага і ў Жодзіне, таксама ў папраўчай калёніі № 4, партрэты, якія яна малявала ў калёніі, сшыткі зь яе пазнакамі падчас чытаньня «Архіпелага ГУЛАГ» і іншых кніг, падпісаныя на нямецкай мове паштоўкі, часопісы «Наша гісторыя», а таксама чыстыя аркушы А4.
«Рэжым майго ўтрыманьня строгі, і мне ён вельмі падабаецца. Мне дазволена: 1 гадзіна прагулкі, атаварка на 1 базавую, 1 раз на месяц тэлефонная размова, якая адбудзецца ў другой палове кастрычніка, адно на год кароткатэрміновае спатканьне, маю права на тэлеграмы і на бандэроль 1 раз на год. Можна атрымліваць бандэроль з кнігамі, дазволена пасылка з садавіной 1 раз на месяц».
Натальля просіць даслаць ёй кнігі Напалеона Хіла і тыя, што падарыў амбасадар Швайцарыі Клёд Альтэрмат, а таксама мэдыкамэнты і вітаміны.
«Стаіць такое выдатнае надвор’е, прагулкі ўчора і сёньня (дый увесь тыдзень) проста цудоўныя, — піша Натальля. — Вельмі хочацца даведацца вольныя навіны, таму і чакаю амбасадара. Чула па радыё пра сытуацыю з уцекачамі...»
«Мяне практычна немагчыма пакараць»
Натальля Хершэ піша, што яе першыя лісты да брата і дачкі з магілёўскай турмы не дайшлі. Першы ліст да дачкі вярнуўся, бо не прайшоў турэмнай цэнзуры, хоць яна «не пісала на палітычныя тэмы».
«Мне патлумачылі, што тое, што я апісвала ў сваім лісьце, ганіць існуючую ўладу. Вось толькі калі я кажу праўду, то хто вінаваты, што бачаць яны ў гэтым нейкую загану? Але добра, што бачаць!».
Натальля піша, што турма № 4 у Магілёве ёй вельмі падабаецца.
«Адзінота мяне не гняце, харчаваньне падобнае да харчаваньня ў калёніі, а дворыкі для шпацыраў — нельга адарваць вачэй».
Натальля таксама тлумачыць, чаму не напісала прашэньня аб памілаваньні.
«Напісаўшы на памілаваньне, я растаптала б сябе духоўна. Было б вам усім лягчэй ад гэтага? Сумняваюся, — піша Натальля дачцэ. — Я разумею, што тэрмін вельмі нават рэальны, у сувязі зь пераразьлікам СІЗА дзень майго вызваленьня — 27 студзеня 2023 году, але і ён скончыцца. Мне вельмі хочацца, каб ты бачыла больш пазытыву ў жыцьці. Калі разгледзець мой выпадак, то турма — гэта ня самае горшае, што магло б здарыцца, і наогул, магчыма, дзякуючы менавіта гэтаму „горшаму“ здарыцца нешта „лепшае“, што бязь першага ніяк не магло б адбыцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас думаюць, што сьмерці на мяжы — фэйк». Расказ сырыйца, які спрабаваў трапіць у Эўразьвяз празь БеларусьНатальля піша, што «няма толку гараваць».
«Я даўно ўсё адпусьціла і атрымліваю асалоду ад жыцьця, наколькі гэта тут магчыма. Мяне практычна немагчыма пакараць, бо, разумеючы непазьбежнасьць гэтага (процістаяць я не магу) мая сьвядомасьць не працівіцца яму, а наадварот, знаходзіць у ім нешта добрае, — піша Натальля. — Ніколькі не хачу запісваць сябе ў пакутніцы, я не такая ўсё ж, весела ўспамінаю некаторыя выпадкі, якія адбыліся са мной у месцах майго папярэдняга знаходжаньня. Думаю, кніга магла б атрымацца нядрэнная».
Таксама Натальля Хершэ піша, што часта ўзгадвае «сюжэты зь мінулага жыцьця, як мы на кухні п’ем каву са „сьмятаньнікамі“ зь Мігро».
«А яшчэ часам я ў думках гуляю па Санкт-Галену, дый наогул у маім уяўленьні я ўжо шмат дзе пабывала, многіх пабачыла», — піша Натальля.
20 кастрычніка палітзьняволеная Натальля Хершэ адзначыць другі свой дзень народзінаў за кратамі. Ёй споўніцца 52 гады.
Хто такая Натальля Хершэ:
7 сьнежня 2020 года суд Савецкага раёну Менску пакараў грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ пазбаўленьнем волі на 2,5 года ў калёніі агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі ў «супраціве з гвалтам».
На жаночым маршы 19 верасьня 2020 году ў Менску Натальля Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка. Суд прысудзіў таксама, каб Натальля сплаціла пацярпеламу 1000 рублёў кампэнсацыі.
Натальля Хершэ не прызнала сябе вінаватай у тым, што брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і нанесла драпіну амапаўцу, калі здымала балаклаву.
На агучваньні прысуду Натальля была ў вопратцы белага і чырвонага колераў.
У сакавіку 2021 году Натальлю Хершэ перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Натальля скардзілася на ўмовы ўтрыманьня і дасылала на волю малюнкі сваіх сукамэрніц.
За адмову шыць форму для сілавікоў яе зьмясьцілі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). У канцы верасьня 2021 году суд вырашыў перавесьці яе ў турму.
Натальля Хершэ тройчы адмаўлялася ад прапаноў напісаць заяву аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыла сябе невінаватай.
Міністар замежных спраў Швайцарыі запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць Натальлю Хершэ.
Амбасадар Шавйцарыі Клёд Альтэрмат наведваў Натальлю ў калёніі.
51-гадовая Натальля Хершэ мае беларускае і швайцарскае грамадзянства, нарадзілася ў Воршы, але цягам апошніх 12 гадоў стала жыла ў Санкт-Галене, у Швайцарыі. Там жывуць яе дзеці — 23-гадовая Вiялета і 27-гадовы Хведар. Дачка вучыцца ва ўнівэрсытэце Цюрыху, але цяпер вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак.Бацькі Натальлі памерлі ад анкалёгіі.