Пра гэта расказвае DW.
У залі паўзмрок, на сцэне сямёра актораў, усё ў чорным. Яны... чытаюць. Чытаюць тэкст, які яго аўтар, літоўскі драматург Марус Івашкявічус, назваў «сцэнічнай фантазіяй» — свайго роду тэатар ля мікрафона, у якім гледачам трэба самім дадумваць тое, што яны чуюць. А чуюць яны пра кроў, сьмерць і каханьне.
Назва пастаноўкі на нямецкай гучыць страшна — Ohnmacht, гэта значыць «бясьсільле». Сюжэт заснаваны на дакумэнтальным рамане «Цынкавыя хлопчыкі», напісаным Сьвятланай Алексіевіч у канцы 1980-х пра вайну ў Афганістане. Літоўскі драматург пераказвае яго з пункту гледжаньня маці, якія страцілі сваіх сыноў. Гэта свайго роду антываенны маніфэст паводле падзей больш чым трыццацігадовай даўнасьці, якія раптам сталі актуальнымі.
Чытаюць акторы настолькі пранізьліва, што самі часам ня могуць стрымаць эмоцый. Час ад часу яны выціраюць сьлёзы і перагортваюць старонкі. І так паўтары гадзіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чэхіі выйшла кніга пра «Беларусь на шляху да свабоды». Размова з адной з аўтаракСьвятлана Алексіевіч: год у Бэрліне
Заля Нямецкага тэатру практычна поўная; прэм’ера пастаноўкі праходзіць у рамках чатырохдзённага палітычнага тэатральнага фэстывалю Radar Ost.
Калі ў залі загараецца сьвятло, літоўскі драматург выходзіць на сцэну разам з Алексіевіч. Беларуская пісьменьніца вось ужо год у Бэрліне, летам яна атрымала ад прэзыдэнта ФРГ ордэн «За заслугі перад Фэдэратыўнай Рэспублікай Германіяй», але на публіцы яна зьяўляецца параўнальна рэдка. Пасьля прэм’еры пастаноўкі на нямецкай мове пачынаецца дыскусія аб «мастацтве ў зоне рызыкі» — драматургі з Расеі, Беларусі, Украіны, Босьніі і Герцагавіны разважаюць пра сваю творчасьць на фоне геапалітычных узрушэньняў, войнаў і рэпрэсій.
Па словах Святланы Алексіевіч, больш як праз год пасьля пачатку масавых пратэстаў у Беларусі ёй час ад часу даводзіцца чуць папрокі, што «мы выбралі мірны варыянт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З праграмы літаратуры для беларускіх школаў выкрасьлілі кнігу Алексіевіч, а замест яе дадалі Чаргінца«Але я б не хацела паўтарэньня трагедыі на плошчы Т'яньаньмэнь у Менску, — кажа пісьменьніца. — Нам патрэбная іншая філязофія, нам трэба вызваліцца ад тэмы крыві, якая навісае над намі», — кажа Алексіевіч.
Яна прызнаецца, што «разгубленая» і «ня ўпэўненая» — як і многія яе суайчыньнікі — пад уражаньнем бесьперапынных рэпрэсій і арыштаў.
Літоўскі драматург пра «вакцыну пацыфізму»
Марус Івашкявічус падзякаваў Алексіевіч за магчымасьць вольна абысьціся з тэкстам «Цынкавых хлопчыкаў» для сваёй пастаноўкі — і назваў яе раманы найлепшай «вакцынай пацыфізму». Рэжысэр паўжартам-паўсур’ёзна правёў аналёгіі з пандэміяй каранавірусу і заўважыў, што калі б сусьветныя фармацэўтычныя канцэрны распрацоўвалі вакцыну супраць войнаў, то яна б складалася з кніг беларускай пісьменьніцы. «Калі 70 адсоткаў насельніцтва плянэты прачытаюць кнігі Алексіевіч, усе войны скончацца», — кажа літоўскі рэжысэр. Яго пастаноўка па кнізе Алексіевіч прысьвечаная не вайне ў Афганістане, а войнам наогул, дадае ён, таму што «з вайны не вяртаюцца — нават тыя, хто застаецца жывы і фізычна здаровы, маральна мяняюцца так, што няздольныя да мірнага жыцьця».
Тэатральны фэстываль Radar Ost праходзіць у Бэрліне чацьвёрты раз. Яго куратар Біргіт Ленгерс (Birgit Lengers) кажа, што тэма Беларусі сёлета напрошвалася сама сабой і што назва пастаноўкі Ohnmacht («Бясьсільле») у пэўнай меры пераклікаецца і з успрыманьнем сытуацыі ў Беларусі — што значыць чатырохдзённы тэатральны фэстываль у Бэрліне на фоне падаўленьня пратэстаў і бесьперапынных рэпрэсій?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сьвятлана Алексіевіч: «Трэба назапашваць новую эліту і ня ўпасьці ў роспач»Мінулай восеньню тэатар правёў акцыю салідарнасьці зь беларускімі акторамі, якія зазналі перасьлед за пратэсты супраць пераабраньня Лукашэнкі; сёлета Беларусь стала галоўнай тэмай тэатральнага фэстывалю Radar Ost. І ўсё ж «бясьсільным» у нямецкім тэатры сябе ніхто не адчувае — як кажа Біргіт Ленгерс, «мы знаходзімся ў прывілеяванай сытуацыі — можам запрашаць беларускіх калегаў на падобныя фэстывалі і тым самым падтрымліваць цікавасьць СМІ да сытуацыі ў Беларусі. Бо вядома, наколькі хутка падобныя падзеі зьнікаюць з поля зроку мас-мэдыя».
Новая кніга Алексіевіч
Паводле словаў Сьвятланы Алексіевіч, яе новая кніга будзе прысьвечаная рэвалюцыі. Яна кажа, што па аналёгіі зь яе раманам «У вайны не жаночы твар» ёй прапаноўваюць назваць новы праект «У рэвалюцыі жаночы твар», бо ўзначальвалі пратэставы рух у Беларусі жанчыны, дый сярод удзельнікаў вулічных акцый яны пераважалі. Але ўсё ня так проста.
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры кажа, што адзін зь яе герояў абвяшчае, што ня пойдзе на дэманстрацыю, бо, маўляў, калі «ўжо ісьці, то ісьці са стрэльбай і браць пошту і тэлеграф».
Але сама пісьменьніца ня ўпэўненая, што гэта правільны шлях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч: я б хацела жыць у такой краіне, якая летась у жніўні выйшла на вуліцыПаводле яе словаў, ёй надаюць сіл выступы ў беларускіх судах маладых людзей, абвінавачаных ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. «Гэта ўзрушальна моцныя людзі, і іх заключныя словы ўлюбілі мяне ў свой народ, — кажа пісьменьніца. — Апошняе слова ў судзе — гэта свайго роду зараз новы літаратурны жанр».
Працу над сваёй новай кнігай яна разьлічвае завяршыць да вясны.