Беларускі праграміст, які паведаміў пра катаваньні ў расейскай турме: «Адчуваў сябе хутчэй прыстасаванцам»

Ілюстрацыйнае фота

Праграміст заявіў, што ўдзелу ў катаваньнях ня браў, але бачыў усё, што тварыла адміністрацыя турмы.

Інтэрнэт-рэсурс пра сучасныя рэпрэсіі ў Расеі Gulagu.net апублікаваў аўдыёінтэрвію зь беларускім IT-спэцыялістам Сяргеем, які перадаў інфармацыю пра масавыя катаваньні ў расейскіх турмах у шырокі доступ.

Паводле інфармацыі кіраўніка праекту, які апублікаваў відэазапісы з катаваньнямі, Уладзіміра Асечкіна, Сяргей знаходзіўся ў Саратаўскай турме і таксама падвяргаўся жорсткаму абыходжаньню. Яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, на працягу гэтага часу ён кіраваў кампутарнай сеткай турмы і забясьпечваў доступ да відэафайлаў з усёй расейскай пэнітэнцыярнай сыстэмы.

На YouTube-канале праекту беларускі праграміст расказаў, якую меў матывацыю зрабіць гэта, пры гэтым адзначыўшы, што не чакаў падобнага рэзанансу.

Паводле яго слоў, многае з архіву карыстальнікі ўжо бачылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра катаваньні ў расейскіх турмах стала вядома дзякуючы беларускаму айцішніку

Сяргей кажа, што знаходзячыся ў турме, не адчуваў трывогу і небясьпеку, а адчуваў сябе хутчэй прыстасаванцам.

«Я прыстасаваўся да сыстэмы, здолеў свае навыкі падладзіць, стаць даволі высокай велічынёй там, але ніколі, ніколі я не гвалтаваў, ня зьдзекаваўся, не спрабаваў неяк зьняважыць іншых людзей. Я ўсё гэта бачыў», — прызнаўся мужчына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі завялі крымінальную справу па фактах катаваньняў і згвалтаваньняў вязьняў

Праваабарончы праект Gulagu.net раней паведаміў, што атрымаў 40 гігабайт відэазапісаў катаваньняў і згвалтаваньняў зьняволеных у расейскіх турмах. Некаторыя відэазапісы ўжо апублікаваныя.

5 кастрычніка, пасьля публікацыі трох запісаў зьдзекаў зь вязьняў у Саратаўскім сухотным шпіталі, Генэральная пракуратура Расеі пачала праверку, распачата крымінальная справа. Аўтары праваабарончага праекту паведамляюць, што плянуюць паступова публікаваць атрыманую імі інфармацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогеры апублікавалі расьсьледаваньне аб катаваньнях людзей у Фрунзэнскім РУУС Менску і назвалі імёны вінаватых