У Бэрліне адкрыта расьсьледаваньне магчымай атакі гукавай зброяй на дыпляматаў ЗША

Бэрлінская паліцыя са жніўня вядзе расьсьледаваньне магчымай атакі гукавай зброяй на супрацоўнікаў разьмешчанай у горадзе амэрыканскай амбасады. Ад яе маглі пацярпець некалькі амэрыканцаў у Нямеччыне і каля 200 — у іншых краінах.

У супрацоўнікаў амбасады ў Бэрліне адзначаны сымптомы так званага гаванскага сындрому, паведамляе часопіс Der Spiegel. Ён названы так па першым зафіксаваным выпадку магчымых нападаў. З канца 2016 года амэрыканскія дыпляматы ў Гаване паведамлялі пра моцныя галаўныя болі, млоснасьць, стомленасьць і пагаршэньні каардынацыі і слыху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША расьсьледуюць магчымую атаку Расеі на дыпляматаў у Вене


Часопіс Politico ў траўні паведамляў, што арганізатарамі нападу можа выступаць расейская ваенная выведка ГРУ, аднак дакладных доказаў гэтаму пакуль няма. Адзін з апошніх выпадкаў магчымага ўзьдзеяньня зафіксаваны некалькі тыдняў таму — пацярпелым мог стаць супрацоўнік ЦРУ, які суправаджаў у паездцы ў Індыю дырэктара службы Уільяма Бёрнса, перадае The New York Times.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША западозрылі ГРУ ў акустычных атаках на амэрыканскіх дыпляматаў


Як мяркуецца, сындром узьнікае пасьля ўзьдзеяньня гукавай ці мікрахвалевай зброяй. У пятніцу прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон аб выплаце кампэнсацый пацярпелым ад гаванскага сындрому. Дакумэнт быў падтрыманы ў Кангрэсе прадстаўнікамі Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША падазраюць Расею ў нападах з ужываньнем «накіраванай энэргіі»