Нацыянальны ляндшафтны і гідралягічны заказьнік «Ельня» ўтвораны на тэрыторыі Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Яго складаюць зьвязаныя між сабой верхавыя балоты, рэчкі і азёры; у першародным асяродзьдзі — безьліч рэдкай расьліннасьці і птушак.
Гэта самы вялікі ў Беларусі і адзін з найбуйнейшых у Эўропе азёрна-балотны комплекс: 25 тысяч гектараў агульнай плошчы. Каштоўны ён перадусім тым, што ёсьць натуральным помнікам далёкай ледавіковай эпохі і найстарэйшым прыродным аб’ектам краіны. Ягоны ўзрост ацэньваецца прыкладна ў 10 тысяч гадоў — тады толькі-толькі вымерлі маманты.
Фіяска бяздумнай мэліярацыі
Хоць мэліярацыйная ліхаманка не абмінула і Ельню, празь вялізную тэрыторыю ўзьдзеяньне чалавека аказалася не такім катастрафічным. Дзякуючы гэтаму захаваліся ўнікальная флёра і фаўна, а таксама сфармаваліся буйныя тарфяныя паклады. А яшчэ Ельня мае статус Рамсарскага ўгодзьдзя — як ключавая арніталягічная і батанічная тэрыторыя міжнароднага значэньня.
Ня так даўно сюды рушылі турысты. У 2014 годзе пры матэрыяльнай падтрымцы Праграмы разьвіцьця ААН і Эўрапейскага Зьвязу тут праклалі турыстычную «Экалягічную сьцежку» з інфармацыйнымі стэндамі і месцамі для адпачынку. Першыя акультураныя паўтара кілямэтра злучылі рэчку Волту з воднай сыстэмай Азяраўкі.
Сёлета дадаліся драўляныя насьцілы з боку вёскі Канахі, адкуль пад’яжджае найбольш наведнікаў. Гэта таксама плён рэалізацыі міжнароднай тэхнічнай дапамогі, праграма называецца «Разам для грамады і прыроды: узмацненьне працэсу разьвіцьця ў Мёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасьці». Цяпер гасьцям ня трэба чапляцца за паветра, балянсуючы на буграх глыбокіх каляін ад цяжкай тэхнікі.
Праект разьлічаны на 36 месяцаў і фінансуецца з вонкавых крыніцаў. Ён стартаваў у траўні 2019 году пры супрацоўніцтве Мёрскага райвыканкаму, грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Латвійскага сельскага форуму. Праўда, пакуль невядома, як на апошнім адрэзку шматузроўневай ініцыятывы адаб’юцца маштабныя санкцыі і ўсё большая ізаляцыя Беларусі. А ў плянах — паставіць некалькі вышак, зь якіх будуць адкрывацца віды на забалочаныя ваколіцы.
Нягледзячы на абвінавачаньні беларускіх уладаў, што заходнія прадстаўніцтвы і фонды «спансуюць апанэнтаў рэжыму», бяз мэтавых укладаньняў наўрад ці нешта было б рэалізавана. На экасьцежкі, інфармацыйныя шчыты ды кэмпінгі трэба тысячы кубамэтраў драўніны, пры тым што адзін каштуе ў сярэднім 800 рублёў. У мясцовым бюджэце лішніх сродкаў няма. Хоць пры разумным падыходзе Ельня магла даваць немалыя прыбыткі.
Зрэшты, такі падыход застаўся ў спадчыну ад савецкага часу — экалягічныя праекты апрыёры ўспрымаюцца балястам, які ў выпадку чаго трэба адчапіць першым. У 1970-х балоты на афіцыйным узроўні прызналі перашкодай сельскай гаспадарцы, і заводненыя ўчасткі паставілі за мэту высушыць. У выніку мэліярацыі іх плошча скарацілася амаль удвая — пасьпелі «аптымізаваць» 3 мільёны гектараў. Каб не развал СССР і згортваньне актыўнасьці, была рызыка, што застанецца выпаленая зямля.
Парушаны прыродны балянс пагражае глябальнымі наступствамі — ад тарфяных пажараў і стыхійных бедзтваў да перасохлых рэчак і страчаных арэалаў існаваньня цэлых відаў жывёл і птушак. Праігнаравалі і тое, што сотні гадоў для мясцовых жыхароў дрыгва была заўсёднай карміцелькай — у Беларусі па запасах балотных журавінаў Ельні няма роўных. Зрэшты, нарыхтоўка ягад не абмяжоўвалася назапашваньнем, гэта яшчэ і выгадны бартэр у зносінах з сухапутнымі насельнікамі навакольных мястэчкаў.
У шматлікіх азёрах водзіцца рыба. Праўда, праз спэцыфіку кармавой базы ў практычна дысталяванай вадзе гэта пераважна драпежнікі ці схільныя да канібалізму — шчупак або акунь. Верасовы мёд — адна зь візытовак Ельні. Здабываць яго і пчолам, і бортнікам няпроста, але гэты ласунак насычанага бурштынавага колеру лічыцца дыямэнтам сярод мядоў. У свой час тутэйшыя палявалі на разнастайную пярнатую дзічыну, але з атрыманьнем статусу заказьніка такі від здабычы забаронены.
Матывацыя праз пандэмію
Запатрабаваліся дзясяткі гадоў, каб нарэшце зразумець: балота ня толькі прадукуе найчысьцейшае паветра, не даючы індустрыяльнаму грамадзтву задыхнуцца ад чаду, — пры ўцямным пазыцыянаваньні яно можа стаць цэнтрам міжнароднага экалягічнага і навуковага турызму. Зноў жа, пры ўмове, што Беларусь ня будзе ўпарта адгароджвацца ад усяго сьвету. У любым выпадку, калі дагэтуль у ізаляваныя куткі забіраліся хіба мэліяратары, арнітолягі, археолягі, то акультураныя дзялянкі прывабліваюць самую шырокую публіку.
Сапраўдны балотны бум пачаўся летась і яшчэ больш разьвіўся сёлета: межы, зачыненыя ў выніку пандэміі, і авіяцыйныя санкцыі прымусілі беларусаў больш актыўна прыглядацца да ўнікальных куткоў сваёй радзімы. Цяпер празь Ельню штомесяц праходзяць дзясяткі тысяч чалавек — гэта нават больш, чым прыцягваюць рукатворныя архітэктурныя помнікі.
Атэставаны экскурсавод Алена Палякова — адна з найлепшых знаўцаў Ельні, хоць водзіць наведнікаў толькі год зь невялікім. У яе выкананьні экскурсія — ня проста канстатацыя завучаных фактаў, а і інтэрактыўныя квэсты з разгадваньнем сьлядоў, распазнаваньнем птушак, ідэнтыфікацыяй расьліннасьці. І, само сабой, пераход празь ляндшафтныя паясы: спачатку кустоўе ўперамешку з тоненькімі дрэвамі, далей купіны высокай і жорсткай травы, нарэшце водныя пляміны, якія пераходзяць у сыстэму з больш як сотні азёраў і незьлічоных выспаў розных формаў і памераў.
Таму не ігнаруйце заклікі апранацца адпаведна. Прынамсі, гумовыя боты — абавязкова. І тады самі адчуеце, што такое «батут» над дрыгвой; даведаецеся, як ня трапіць у пастку да «драпежнай» расіцы, што харчуецца казуркамі; паэкспэрымэнтуеце, як загаіць раны чароўным мохам. А ў сэзон яшчэ можна разам пакупацца ў чысьцюткіх азёрах.
Першыя нешматлікія аматары балотных краявідаў зьявіліся на Ельні ў 2014 годзе — калі цераз Волту паклалі масток, працягам якога стаў паўтаракілямэтровы драўляны насьціл на цяжкапраходнай дрыгве. Ня так даўно ўпарадкавалі пачатак дыстанцыі, а на «залатым кастылі» абсталявалі месца для кэмпінгу.
«Заказьнік працуе досыць даўно, але экскурсіі пачаліся са зьяўленьнем насьцілу — малыя групы пайшлі акурат у 2014-м. Першую частку ходніку праклалі да Азяравак, каб паказаць прыгажосьць балотных азёраў. А падыходны кавалак завершылі сёлета, да таго было бездарожжа. Абодва праекты фінансавала Праграма разьвіцьця ААН. Зрэшты, інтарэс заставаўся сьціплы, натоўпы зьявіліся разам з пандэміяй і зьвязанымі зь ёю абмежаваньнямі. Плюс інфармацыйная падтрымка. У рамках праекту разьвіцьця Мёрскага раёну запрашалі журналістаў, блогераў; пра Ельню загаварылі, як кажуць, з кожнага праса. Ну, і ў кожнага цяпер сацсеткі, адно за адно чапляецца, людзі паехалі тысячамі», — расказвае Алена Палякова.
Дарэчы, непасрэдны заход на маршрут экскурсавод лічыць адным з самых магічных месцаў заказьніка, і зь ёю цяжка не пагадзіцца. Гэта ідэальны прамы канал, які хаваецца пад надзвычай атмасфэрным «шатром» з дрэваў.
Яшчэ за польскім часам рэчышча пачалі выпрамляць дзеля ўсё той жа мэліярацыі, пры савецкай уладзе за справу ўзяліся з падвойным імпэтам. Цяпер, калі пайшоў адваротны працэс, комплекс плацінаў не дае паверхневым водам пакідаць балота.
Хараство беларускай тундры
Алена Палякова здымае дылетанцкае пытаньне пра падабенства з паўночнымі балотамі. Ельня — гэта і ёсьць тундра, хіба зь мякчэйшымі кліматычнымі ўмовамі. Тыя ж суровыя пэйзажы, дрэвы-карузьлікі, багна з астраўкамі рознакаляровай травы. Дурманны багун, жорсткі верас, зялёны і амаль чырвоны мох-сфагнум. Усё можна ня толькі пабачыць, а і памацаць (памятаючы, што некаторыя прыгожыя экзэмпляры насамрэч атрутныя). Многія так і робяць: зьбіральнікі журавінаў «пасьвяцца» за нейкую сотню мэтраў ад экасьцежкі. А вось здабываць марошку, адрозна ад той жа Фінляндыі, забаронена — адразу штраф.
Некалі гэта быў адзін з найбуйнейшых журавіньнікаў ва ўсёй Эўропе. У свой час навукоўцы з аптымізмам ацэньвалі віды на ўраджай, падлічваючы мільёны ад ягаднага экспарту. Аднак чарада моцных тарфяных пажараў у пачатку 2000-х паставілі крыж на амбітных плянах. Цяпер плянтацыі толькі-толькі аднаўляюцца. Зрэшты, мяркуючы па стыхійным гандлі, даволі някепска — журавіны буйныя і налітыя сокам.
Акрамя разнастайнай расьліннасьці, у Ельні маюць прытулак амаль паўтары сотні відаў птушак. Сярод іх такія рэдкія, як арлан-белахвост, вялікі кулён, чарназобая гагара, чорны бусел, белая курапатка, арол-зьмеяед. І, само сабой, тысячы журавоў, якія тут кормяцца перад міграцыяй. Праўда, усе яны надзвычай асьцярожныя і гняздуюць далей ад чалавечага вока.
Праз гэта, як кажа Алена Палякова, часьцяком здараюцца казусы: многія наведнікі наіўна разьлічваюць, што журавы мусяць ледзь не шарэнгамі шпацыраваць уздоўж насьцілу, а цецерукі — ладзіць рэгулярны ток. Такога відовішча дакладна ня будзе. Дзеля гэтага арганізуюцца адмысловыя вылазкі ўглыб балота, дый тое шоў абмяжуецца назіраньнем з вышкі праз моцную оптыку. Зрэшты, калі падфарціць, пад гучнае «курлы-курлы» можна праводзіць апошні клін: птушкі кіруюцца на зімоўку ў Афрыку.
«О так, гэта асобная гісторыя: я ж сама тут, ведаю спэцыфіку, — сьмяецца Алена Палякова. — Часта ў зман уводзяць складальнікі розных буклетаў. Практычна з кожнага турыстычнага аўтобуса людзі вывальваюць з настойлівай просьбай паказаць ім журавоў. І калі спрабую пераканаць: гэта немагчыма, — абураюцца, што іх груба падманулі. Насамрэч некаторыя агенцтвы не зусім карэктна падаюць інфармацыю, агулам апісваючы 9 тысяч журавоў на прылёце, але не ўдакладняючы, што яны ў недаступных месцах. А з прачытанага сапраўды можа скласьціся ўражаньне, што яны мусяць сустракаць гасьцей ледзь не на паркоўцы. Ну і завышаныя чаканьні ў выніку прыводзяць да расчараваньня».
Экалягічная сьцежка — самы лёгкі ўзровень знаёмства зь Ельняй. Драўляны насьціл (дзе вышэй — яшчэ і з парэнчамі) прывядзе ад паркоўкі да агляднай пляцоўкі на беразе жывапіснага возера з мноствам астраўкоў. У летні сэзон тут жа можна даць нырца, каб астыць ад гарачых эмоцый.
Балотны рай для экстрэмалаў
«Калі зрабіць інфраструктуру, прадумаць маршруты, сабраць адказных людзей і ўсё разам зьвязаць — гэта будзе ўнікальнае турыстычнае месца, — перакананая Алена Палякова. — Пра гэта сьведчаць і водгукі, і няспынная плынь наведнікаў — амаль сярэдзіна кастрычніка, а кожныя выходныя па 40–50 машын, ня лічачы арганізаваных групаў. Таму ў Ельні дакладна вялікая будучыня, адзінае, трэба сувымяраць з прыроднай нагрузкай. Ну і, само сабой, нельга ўсё ператварыць у бескантрольны прахадны двор, бо гэта як мінімум небясьпечна для саміх жа наведнікаў. Адпаведна, трэба сыстэмна распрацоўваць як балотныя маршруты, так і шпацыры па драўляных насьцілах».
Першае, за што варта ўзяцца, лічыць суразмоўніца, — гэта прывесьці да ладу пад’язную дарогу: праз актыўны трафік яна ў вартым жалю стане нават у добрае надвор’е. А ў сэзон дажджоў паверхня папросту ператвараецца ў непраезнае месіва. Няма і абсталяваных парковак, машыны і аўтобусы спыняюцца абы-дзе.
«Як мінімум пад’язныя шляхі не павінны быць размытыя, — удакладняе Алена Палякова. — Хай нават не асфальтаванае пакрыцьцё, але такое, па якім можна спакойна даехаць. Бо перад сьвятам „Журавы і журавіны“ тыдзень ліў дождж, і аўтобусы з турыстамі даводзілася выцягваць трактарамі. Гэта тое, што дакладна не спрыяе разьвіцьцю. Акрамя таго, санітарыя. Нельга ператварыць Ельню ў грамадзкую прыбіральню з адпаведнымі пахамі, патрэбныя абсталяваныя стаянкі. Нарэшце, вызначыцца з гандлем. Цяпер усё з колаў, трымаецца на людзях, якія набіраюцца сьмеласьці прадаваць тыя ж журавіны ці мёд. Ужо не кажу пра каву ці сувэніры, такога няма як зьявы. Пакуль ня будзе цэнтралізаванага падыходу, так і застанецца».
Для экстрэмалаў — ужо без камфорту за грошы эўрапейскіх донараў — вольныя арганізатары прапануюць альтэрнатыўныя варыянты, якія розьняцца ў залежнасьці ад гатовасьці выпрабаваць сябе ў сапраўды дзікіх умовах. Драўлянага «праспэкту», на якім можна сустрэць нават маму з вазком, адназначна ня будзе. Але незабыўныя ўражаньні гарантаваныя.
Калі стандартны 6-кілямэтровы маршрут са стартам у Конахах разьлічаны на 3 гадзіны пешкі, то для больш падрыхтаванай публікі ёсьць варыянты з паўтара-двухдзённымі пераходамі: па «танцуючых» бярвеньнях, зьвязаных паміж сабой для балотаходу на надзіманых камэрах, а збольшага — скачкамі па купінах, з шастом наперавес на выпадак раптоўнага пагружэньня ў багну (дзеля перастрахоўкі ўзброяць балотаступамі). Ну, а фінішны бонус — самае вялікае ў акваторыі возера, якое так і завецца Ельня (5 квадратных кілямэтраў) і вакол якога віруе нябачнае воку жыцьцё.
Падарожжа азмрочваецца хіба тым, што безадказныя рыбакі, ягаднікі ды турысты, наўмысна ці выпадкова, але пакідаюць за сабой сьмецьце: плястыкавыя бутэлькі, самаробныя камбайны, рэшткі адзеньня ды розныя бытавыя адкіды. А самае страшнае — шкляныя бутэлькі, якія праз эфэкт лінзы часьцяком становяцца прычынай тарфяных пажараў.
Дзеля гэтага ў рамках праекту «Разам для грамады і прыроды...» арганізуюцца валянтэрскія кампаніі: ад рамонту насьцілу экасьцежкі і прыбіраньня сьмецьця (ажно з падводнымі пагружэньнямі аквалянгістаў) да рамонту плацін, пабудаваных дзеля аднаўленьня гідралягічнага рэжыму балота. Як адзначае Алена Палякова, ахвотных так шмат, што многім ініцыятары вымушаныя адмаўляць. Але гатовасьць удзельнічаць у талацэ пакідае надзею: абыякавых да агульнай спадчыны ўсё меней.