Зьняволеныя часта кажуць, што самая вялікая падтрымка для іх — лісты з волі. Людзі, якія пішуць лісты ў турмы і калёніі, кажуць, што адказы з-за кратаў дапамагаць ім ня менш.
«Хачу, каб палітвязьні ведалі — іх памятаюць і чакаюць на волі»
Канстанцін Зімуле: «Я вырашыў пісаць лісты палітвязьням зь некалькіх прычын. Першая, думаю, як і ва ўсіх, — проста хачу іх падтрымаць, бо людзі знаходзяцца ў няволі: сядзяць за сваю свабоду, свой выбар, за нас з вамі. Не магу зьмірыцца з тым, што яны адбываюць пакараньне ні за што. Адзінае, чым я магу ім дапамагчы, — гэта словамі, напісанымі на аркушы паперы. Словамі, у якіх, яны, магчыма, знойдуць падтрымку, душэўную цеплыню, і матывацыю. Хачу, каб палітвязьні ведалі — яны не адны, іх памятаюць і чакаюць на волі!
Другая прычына — асабістая. Кожны дзень я адчуваю страх, апатыю, расчараваньне і згасаньне. Лісты дапамагаюць мне з гэтым справіцца. Кожны зь іх, як асобны сьвет, у які я ўкладаю сябе і сваю душу: дзялюся фатаздымкамі, сваімі малюнкамі, момантамі з жыцьця. Адна думка пра тое, што чалавек атрымае гэты ліст, акунецца ў яго — дае мне сіл жыць і спадзявацца на нешта радаснае.
У апошні час пішу новым палітвязьням, паколькі тыя, хто за кратамі даўно, у большасьці выпадкаў, ужо маюць сталую перапіску.
Паўгады таму я маляваў імянныя паштоўкі сам. Але ў апошні час я купляю іх у кніжных крамах ці ў інтэрнэце.
Не заўсёды складана пісаць незнаёмым людзям. Усё залежыць ад настрою. Часам можна схітраваць: пашукаць старонку чалавека ў сацыяльных сетках, паглядзець яго захапленьні, і, будзе значна лягчэй знайсьці патрэбныя словы. А калі гэтага зрабіць не атрымалася, то можна трохі ўключыць фантазію і імправізацыю. У скрайнім выпадку, можна адпраўляць паштоўкі з ужо гатовымі пажаданьнямі.
Мой сябар, якому прысудзілі 9 гадоў зьняволеньня, пачаў верыць у Бога, таму раблю яму паштоўкі на тэму веры, пішу малітвы.
Самае неверагоднае пачуцьцё — калі заходзіш у пад’езд, і праз дзірачкі паштовай скрыні бачыш, што там нешта ляжыць. Хутка шукаеш ключ, і разумееш, што прыйшоў адказ. У той момант радасьці, як кажуць, поўныя штаны.
Адказы заўсёды перачытваю па некалькі разоў і ўсьміхаюся на 32 зубы. На душы адразу становіцца так цёпла. Часам можна і парадавацца, часам і заплакаць, паколькі лісты не заўсёды радасныя. Бывае балюча чытаць. Відаць па словах, што чалавеку цяжка, і ён губляе ўсякі сэнс жыцьця. Ён пакрыўджаны і расчараваны.
На жаль, на 20 напісаных лістоў прыходзіць толькі 1 адказ. Розьніца паміж адказамі, прыкладна, ад ад 1.5 да 3.5 тыдняў. Мяне, засмучае такая статыстыка, але нічога з гэтым зрабіць немагчыма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі званок скончыўся — дзеці заплакалі». Як на волі чакаюць сваіх блізкіх-палітвязьняў«Лісты пачала адпраўляць з-за пачуцьця віны»
Тацьцяна (імя зьменена): «Як не баяцца пісаць? Я даўно інтуітыўна намацала, як змагацца са страхам. У маім выпадку адзіны спосаб — гэта ісьці яму насустрач.
Лісты палітвязьням я пачала адпраўляць з-за пачуцьця віны перад імі. Часам проста накрывае: калі табе добра, весела, харчуесься нармальна, напрыклад, ясі нешта смачнае ў гасьцях. А людзі ў гэты час там. Гэтая думка не дае спакою і прымушае пісаць.
Пішу многім. У тым ліку, дасылаю віншавальныя паштоўкі. Імкнуся шукаць вельмі прыгожыя — тэматычныя, юбілейныя. Тым, хто маладзейшы, — адна паштоўка, старэйшым — іншая. Для мяне гэта ўжо стала фонам жыцьця.
Абавязкова кладу ўнутр канвэрт з адваротным адрасам і лісток паперы. Калі чалавек атрымаў ліст, то звычайна адпісваецца ў 2-3 сказах. Некаторыя адказваюць нават так: «Каб вы не хваляваліся, паведамляю вам, што паштоўку атрымаў, дзякуй вялікі!». Некаторыя просяць не разьмяшчаць лісты ў інтэрнэце ці напрыклад, у наступны раз пісаць, праз кагосьці зь іх сваякоў. Я іду насустрач.
Лісты з-за кратаў прыходзяць у 90% аптымістычныя. Людзі ўпэўненыя, што ўсе скончыцца так, як трэба. Ведаюць у імя і дзеля чаго ўсё гэта было.
Усе палітвязьні падкрэсьліваюць, што лісты — велізарная падтрымка. Пішуць: «Адчуваньне, што пра нас памятаюць, нас ведаюць і чакаюць — надае сілы».
Калі адчыняеш паштовую скрыню і бачыш ліст? Першае адчуваньне — велізарная радасьць, якая ў канцы пераходзіць у невыносны боль і сум. Бо калі, дачытваеш апошнія сказы, усьведамляеш адкуль прыйшоў гэты ліст, у якіх умовах чалавек яго піша...
Перапіска з палітвязьнем гэта тое, што трымае на плаву, каб не ўпасьці ў нейкую невыносную роспач.
Скажу без якога-небудзь пафасу — неаднаразова думала пра магчымасьць памяняцца месцамі зь кімсьці з палітзьняволеных. Бывае, пачынаю ў думках выбіраць, хто менавіта гэта мог бы быць: можа бацька маленькага дзіцяці, зьняволеная маладая дзяўчына, ці хтосьці іншы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прысуд будзе суровым». Ігар Лосік за кратамі 470 дзёнЯ ўдзячна сваякам усіх палітвязьняў за тое, што яны знаходзяць у сабе сілы і мужнасьць, каб гэтую сытуацыю пераадольваць. З многімі зь іх я падтрымліваю сувязь.
Бацькі аднаго палітзьняволенага, даслалі мне ягоны фотаздымак, дзе ён трымае на руках і цалуе сваю дачку, зь якой пасьпеў пабыць толькі 4 месяцы ад моманту нараджэньня. Я зараз гэта распавядаю і ў мяне камяк у горле, таму што такія выпрабаваньні вельмі складана перажыць. І справіцца з гэтай цяжкай сытуацыяй, дапамагаюць як раз-такі званкі і лісты. Салідарнасьць — гэта зараз наша галоўная перамога«.
«Атрыманьне першага адказу — гэта эўфарыя»
Георгі Пугачоў: «Самы першы ліст даслаў палітвязьню Зьміцеру Фурманаву. Потым плятформа „Сход“ запусьціла акцыю ў падтрымку студэнтаў. Так я пачаў пісаць Ксеніі Сырамалот. Спадзяюся, што ў яе проста няма настрою адпісваць, бо адказаў пакуль не было. Але я разумею, што ўсе лісты маглі і „згубіцца“. Дарэчы, бандэроль з кнігай, якую я даслаў Ксеніі, вярнулася.
Калі я быў на сутках у другі раз (Георгія затрымлівалі 2 разы: першы раз — на Пушкінскай пасьля забойства Рамана Бандарэнкі. Другі — пасьля канцэрта гурта РСП пад Смалявічамі ў лютым. —РС), то атрымаў даволі шмат лістоў, што было вельмі прыемна і моцна мяне падтрымлівала. Менавіта па гэтай прычыне я і сам потым пачаў пісаць.
Атрыманьне першага адказу ад палітвязьня — гэта эўфарыя. Нарэшце! Кожны наступны ўспрымаўся спакайней. Зараз гэта проста прыемнае спакойнае пачуцьцё і натхненьне, каб напісаць чарговы ліст камусьці з майго сьпісу (Георгій склаў табліцу, дзе зазначае калі і каму даслаў лісты. На гэты момант хлопец напісаў Алесю Пушкіну, Вадзіму Чэпелевічу, Ксеніі Сырамалот, Дар’і Чульцовай, Вользе Маёравай, Аляксандру Мацеюку, Сьцяпану Латыпаву, Дзьмітрыю Фурманаву, Тацяне Кузінай, Ільлі Трахтэнбергу, Эдуарду Пальчыцу, Уладзіславу Гупісу, Віталю Шчэрбічу. — РС).
Я, канешне, і блізка не Міронаў (актывіст Ільля Міронаў напісаў палітвязьням больш за 2500 тысячы лістоў. Чарговы раз яго зытрамалі 30 верасьня, ён застаецца ў зьняволеньні. —РС). Пісаць лісты цяжка. Асабліва калі ведаеш, што цэнзура можа не прапусьціць нейкія цікавыя рэчы. Таму зараз пішу па натхненьні.
З усіх, каму я напісаў, Вольга Маёрава вельмі актыўна адказвае. Галоўны „матыватар“ для мяне. Дзіўна, што некаторыя людзі з-за кратаў здольны маральна падтрымліваць тых, хто на свабодзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У інтэрнэце стварылі онлайн-музэй лістоў беларускіх палітвязьняў