Паводле лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча, затрымалі Арсеня Чыжыка за відэакамэнтар у справе Андрэя Зельцара, менскага айцішніка, які, паводле вэрсіі беларускіх уладаў, быў забіты пасьля таго, як застрэліў супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Комсомольская правда» закрывае сваё прадстаўніцтва ў БеларусіАрсеня Чыжыка звольнілі зь Петрыкаўскага рудніка ў канцы жніўня загадам гендырэктара, нібыта за прагул у 13 дзён у ліпені, калі Чыжык адбываў адміністрацыйны арышт пасьля затрыманьня ў Менску.
Арсень Чыжык расказваў, што яго затрымалі сярод дня ў Менску, каля Акадэміі навук.
«Суд быў праз скайп, усе мае хадайніцтвы адхілілі. Казаў, што на маім заплечніку не было „Пагоні“, што яе наляпілі ў міліцыі, каб абвінаваціць мяне ў пікетаваньні, але не захацелі праглядаць відэа», — успамінаў пра сваё затрыманьне Арсень Чыжык. Ён казаў, што ў ізалятары на Акрэсьціна яго білі, у тым ліку па нырках.
Арсеню Чыжыку 26 гадоў, сам ён з Жыткавіч. У 2019 годзе Арсень бараніў Курапаты, браў удзел у пікетаваньні супраць адкрыцьця каля народнага мэмарыялу рэстарацыі «Поедем поедим». У жніўні 2020-га актывіста затрымлівалі на 3 дні за ўдзел у пратэстах.
Пасьля звальненьня зь Петрыкаўскага горнаўзбагачальнага камбінату Арсень Чыжык не плянаваў пакідаць Беларусь. Зьбіраўся знайсьці працу па спэцыяльнасьці, у крайнім выпадку пайсьці валіць лес.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі ўжо звыш 110 чалавек за камэнтары пра гібель Зельцара і супрацоўніка КДБПаводле Сьледчага камітэту, за камэнтары аб здарэньні з удзелам Андрэя Зельцара затрымалі больш за 110 чалавек, ім пагражае абвінавачаньне паводле 130 артыкулу Крымінальнага кодэксу ў распальваньні варожасьці. Паводле праваабаронцаў «Вясны», значную частку затрыманых у гэтай справе перавялі ў ізалятар у Жодзіна, дзе ўзьніклі праблемы зь перадачай ім сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.
Па зьвестках сваякоў Арсеня Чыжыка, яго трымаюць ў Гомельскім СІЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Пагоню“ на заплечнік наляпілі ў міліцыі». У Петрыкаве за «суткі» на Акрэсьціна звольнілі супрацоўніка «Беларуськалію»