Анатоль Шумчанка пасьля трох тыдняў лячэньня ковіду апынуўся ў рэанімацыі — з прычыны праблемаў з сэрцам. Грамадзкі актывіст Пётра Кузьняцоў змагаецца з хваробай самастойна — ня хоча напружваць мэдыкаў, бо ў паліклініцы велізарныя чэргі, а ў яго хвароба праходзіць у даволі лёгкай форме.
Тры дні таму Шумчанку зьбіраліся выпісваць са шпіталя
Больш за 3 тыдні лідэр прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка зь цяжкай каранавіруснай інфэкцыяй знаходзіцца ў першым шпіталі сталіцы, куды яго даставіла хуткая дапамога. Гісторыю сваёй хваробы Анатоль падрабязна занатоўвае ў фэйсбуку.
4 кастрычніка ў сярэдзіне дня Анатоль напісаў, што яго пераводзяць у рэанімацыю — прычым не праз ковід, а праз сэрца.
«Усе астатнія паказьнікі здаровыя. Доктар так і сказаў — здаровы. Будуць УЗІ сэрца рабіць. Без кіслароду складана дыхаць. Гэта тая падступнасьць, пра якую я казаў: ковід вылечылі, а ўзьніклі іншыя ўскладненьні», — напісаў Анатоль.
А літаральна ў суботу, 2 кастрычніка, ён напісаў, што вось 21-ы дзень з моманту тэсту, і, паводле пратаколу, ён ужо не заразны.
«То бок ковіду няма, але ёсьць непрыемныя ўскладненьні. Учора я амаль ужо выпісваўся, але дзякуючы доктару, які яшчэ раз уважліва вывучыў КТ, пабачыў зьмены і выпіску адмяніў. Прызначылі зноў кропельніцы антыбіётыку іміцынэму».
4 кастрычніка раніцай Анатоль напісаў, што стан у яго зноў пагоршыўся, і ён зноў пад кіслароднай маскай.
«Усё вельмі дрэнна. Вось такія арэлі. Дактары робяць усё магчымае. Праспаў без кіслароду, раніцай кашаль з крывёю і сьцісканьне ў грудзях. Аптымізму ўсё меней і меней», — напісаў Шумчанка ў сваім фэйсбуку.
Лідэр прадпрымальнікаў хварэе з 13 верасьня. Тэмпэратура ў яго паднялася да 39 градусаў, кампутарная тамаграфія паказала 25% паражэньня лёгкіх, паставілі дыягназ «пнэўманія». Сатурацыя падала да 88, таму шмат часу Анатоль быў «на кіслародзе». Яму ставілі кропельніцы, уколы гепарыну і трайчаткі.
Праз тыдзень, 21 верасьня, Анатоль напісаў, што на 21-ы дзень хваробы лепш яму ня стала.
«Пакуль усё вельмі дрэнна: сатурацыя нізкая: 88–90, пад кіслародам 98. Аналізы на піку запаленьня! Кругласуткава пад маскай».
На наступны дзень да хворага выклікалі рэаніматоляга і анэстэзіёляга, але ў рэанімацыю не паклалі. Рэаніматоляг пажартаваў, што Анатоль — не ягоны пацыент.
На 16-ы дзень не было ніякіх паляпшэньняў, тэмпэратура ўпала да 35,6.
28 верасьня палату, дзе ляжыць Анатоль Шумчанка, наведаў міністар аховы здароўя Дзьмітрый Піневіч, напісаў сам Шумчанка.
«Ён уважліва ўсё распытаў, мы зь ім паразмаўлялі, ён быў адкрыты і не ўцякаў ад вострых тэмаў... Што тычыцца мяне, то ляжаць мне яшчэ вельмі доўга, калі нічога дрэннага ня здарыцца. Асабістая доктарка настроена, што ёсьць паляпшэньні, але мне вельмі складана маральна. Трымаюся з апошніх сіл... Але зараз усё залежыць ад арганізму, як ён сябе павядзе».
На наступны дзень, 29 верасьня, Анатоль пісаў, што стан яго палепшыўся, сатурацыя паднялася да 95, некаторы час ён быў без кіслароду. А доктарка сказала, што гэта прыкмета выздараўленьня. А сёньня, 4 кастрычніка — зноў пагаршэньне.
Яшчэ на пачатку хваробы Анатоль пісаў, што «падступны ковід — інтэлектуальны, і да таго ж можа падладжвацца пад гарачкапаніжальныя: калі першы раз саб’е тэмпэратуру, а потым ужо лекі не працуюць».
Пад кожным пастом Анатоля дзясяткі людзей выказваюць словы падтрымкі і жадаюць моцнага здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я павінен пераадолець гэту паскуду і справіцца!». Лідэр прадпрымальнікаў апавядае пра свой каранавірус«Кантакты з мэдыцынай у мяне мінімальныя, лячуся самастойна»
Грамадзкі актывіст з Гомля Пётра Кузьняцоў хварэе на ковід ужо 12-ы дзень. Мяркуе, што заразіўся ад жонкі, якая захварэла на 4 дні раней за яго. Лечыцца самастойна.
«Як і дзе лечаць каранавірус, я ня ведаю. Бо ў мяне хвароба працякае ў даволі лёгкай форме. Тэмпэратура была толькі першыя два дні — 37,2 градуса, потым яе не было. Але стан быў спачатку даволі непрыемны: ламота ў целе, у костках, стамляльнасьць. Цяпер сымптомы паціху зьнікаюць. Праўда, пахі зьніклі на пяты дзень, іх няма і дагэтуль.
Я схадзіў у сваю паліклініку, мне памералі сатурацыю — яна была ў норме
Накіравалі на ПЦР-тэст, на рэнтген», — кажа Пётра Кузьняцоў.
Ён сам набыў сабе пульсаксымэтар, каб сачыць за станам лёгкіх па сатурацыі. Бо дактары патлумачылі: калі сатурацыя падае, трэба тэрмінова зьвяртацца да іх — верагодная пнэўманія, а калі сатурацыя ў норме — хвароба працякае ў лёгкай форме. А вось трапіць на рэнтген і нават даведацца вынік ПЦР-тэсту не ўдалося.
«Кантакты з мэдыцынай у мяне былі мінімальныя, лячуся самастойна. На рэнтген я так і ня трапіў — там была чарга чалавек 50. Тэст зрабіў. Але каб даведацца вынікі ПЦР-тэсту, трэба было зноў ісьці да доктара на другі прыём. Там была чарга чалавек 40. Я і пайшоў з той паліклінікі.
Падумаў: а што мне дасьць гэты вынік? Калі ў мяне ёсьць усе сымптомы, не адчуваю пахаў — гэта, хутчэй за ўсё, ковід, і тэст пацьвердзіць яго. А калі пры наяўнасьці ўсіх сымптомаў і адсутнасьці пахаў тэст пакажа, што ковіду няма, што мне з гэтым рабіць?» — разважае Пётра.
Ніхто з паліклінікі яго не шукаў, сам спадар Кузьняцоў таксама ня стаў турбаваць дактароў.
«Многім людзям значна горш, і мэдычная дапамога патрэбная больш. Дарэчы, мая жонка перанесла таксама няцяжка. Аднак ёй было крыху горш — у яе зьніклі ня толькі пахі, але і смакі. Выдатная нагода была — даесьці ўсе кабачкі, два тыдні іх і ямо. Лекаў я не прымаў, але ўжываю шмат часныку», — жартуе Пётра.
Спадар Кузьняцоў шчыра прызнаецца, што не прышчапляўся. Аднак не таму, што ён праціўнік вакцынацыі.
«У мяне няма даверу ні да кітайскай, ні да расейскай вакцынаў. У мяне ёсьць пэўныя сумневы, хоць і сьцьвярджаюць, што прышчэпленыя людзі пераносяць хваробу лягчэй. Але мне сёньня напісалі, што адна 55-гадовая жанчына была прышчэпленая і ўсё адно памерла ад ковіду.
А яшчэ хочацца быць паўнавартасным „грамадзянінам сьвету“, бо ні з расейскай, ні з кітайскай прышчэпкамі амаль нікуды ня пусьцяць. Хачу паехаць у якую-небудзь краіну, дзе беларусам робяць прышчэпкі Pfizer ці Johnson», — прызнаецца Пётра Кузьняцоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя: за ўвесь час пандэміі ад каранавірусу ў Беларусі памерлі 4200 пацыентаў