А таксама на працягу некалькіх месяцаў разам зь іншымі жанчынамі ладзіла ў сталіцы невялікія маршы з парасонамі ў нацыянальных колерах. Менавіта праз гэта Марына сутыкнулася зь перасьледам з боку сілавікоў і вымушана зьехала з краіны.
Пра тое, як зьмянілася яе жыцьцё за апошні год, жанчына расказала Свабодзе.
«Гэтая акцыя натхняла людзей»
«Раней я асабліва не цікавілася палітыкай, не была ў курсе, якія там у нас дэпутаты. За Рыгоравіча, дарэчы, ніколі не галасавала, — кажа Марына. — Але тое, што адбылося ў 20-м годзе, мяне, як і астатніх беларусаў, па-за палітыкай пакінуць ужо не магло».
Асабліва моцна на стаўленьне Марыны да сытуацыі ў краіне паўплывала пазыцыя дзяржавы ў барацьбе з каранавірусам. Жанчына прызнаецца: яе пакрыўдзіла, што чыноўнікі пачалі прыпісваць сабе заслугі грамадзян, якія ў асноўным сваімі сіламі давалі рады наступствам пандэміі.
«Калі пасьля арыштаў самых вядомых прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкай гонцы засталася толькі адна Сьвятлана, я вырашыла, што свой голас аддам дакладна за яе. А калі пачаліся пратэсты, не змагла застацца ўбаку. Выходзіла, бо, як мне здавалася, мела на гэта права», — кажа суразмоўца.
Так яна пазнаёмілася з жанчынамі, зь якімі пасьля выходзіла на ўжо вядомыя прагулкі зь бел-чырвона-белымі парасонамі або стужкамі.
«Гэта была вельмі прыгожая акцыя. Яна натхняла людзей, выклікала ўсьмешкі. Мінакі пляскалі ў далоні і заўсёды дзякавалі нам», — успамінае мянчанка.
Яна кажа, што ўсьведамляла ўсю небясьпеку такога спосабу выражэньня сваёй грамадзянскай пазыцыі.
«Мы разумелі, што ў любы момант нас могуць „забраць“. Але ў той жа час ведалі, што пакуль мы выходзім, у людзей застаецца вера. Яны бачаць, што яшчэ ня ўсе спалохаліся. Дзяўчаты з парасонамі сталі сымбалем, і перастаць выходзіць было ўжо немагчыма», — кажа суразмоўца.
«Мне адразу сказалі: „Ты ж разумееш, чаму мы па цябе прыйшлі“»
22 ліпеня да Марыны на працу прыйшлі супрацоўнікі КДБ. На думку жанчыны, падставай для гэтага паслужыў менавіта яе ўдзел у жаночых акцыях.
«Яны мне адразу сказалі: „Ты ж разумееш, чаму мы па цябе прыйшлі“». Яны ведалі пра наш чат, не разумею, як яны на яго выйшлі, — кажа Марына. — Сілавікі настолькі хутка паказалі мне сваё пасьведчаньне, што я нават нічога не пасьпела прачытаць. Адзін зь іх схапіў мяне за руку і адабраў тэлефон. Потым мяне павялі ў машыну. Я адразу вельмі спалохалася, але калі апынулася ў аўтамабілі, ужо маральна была гатовая да сутак. Сказала сабе: «Ты ж удзельнічала і ведала, што раней ці пазьней па цябе прыйдуць. Вось гэта і здарылася. Таму чаго ты нэрвуесься? Супакойся ўжо, усё»«.
Па словах Марыны, у той жа дзень у яе правялі два вобшукі.
Адразу Марыну адвезьлі ў аддзел Заводзкага РАУС, дзе апыталі як сьведку па крымінальнай справе, заведзенай у дачыненьні да чата тэлеграм-каналу «Отряд Гражданской Обороны», прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчыны прайшлі па Менску зь бела-чырвонымі парасонамі. Гэта першая падобная акцыя ў кастрычніку. ФОТА«Пазьней сілавікі запісалі са мной „пакаяльнае відэа“. Аднак тыражаваць яго ня сталі, напэўна, не спадабаліся мае адказы на зададзеныя імі пытаньні. Толькі фота, дзе я на фоне сваіх парасонаў, знойдзеных падчас вобшуку, скінулі ў тэлеграм-чат „ГУБОП“ і „Жёлтые сливы“. Пра гэта мне паведамілі знаёмыя».
Пасьля Марыну завезьлі ў Маскоўскі РАУС, дзе прад’явілі абвінавачаньне па артыкуле 19.1 (дробнае хуліганства).
«Сказалі, напішуць, што я нецэнзурна выказвалася, раскідвала канцылярыю, што яны некалькі разоў спрабавалі мяне супакоіць, а я супраціўлялася».
Назаўтра Марыне прызначылі штраф 20 базавых (580 рублёў). На ўступленьне ў сілу пастанаўленьня аб яго сплаце было 10 дзён. На 7-ы Марына пакінула краіну.
«Вырашыла за адзін дзень. Было цяжка, але я разумела — прыйшлі адзін раз, то прыйдуць і другі. Калі ты ў іх на ўліку, то гэта вельмі зручна. Навошта ім шукаць кагосьці яшчэ? Да таго ж яны лазілі па маім тэлефоне, ім было да чаго прычапіцца».
У выніку Марына праз Маскву па шэнгенскай візе прыляцела ў Варшаву. Там прайшла 10-дзённы карантын у хостэле. Адзін з фондаў, які аказвае дапамогу ўцекачам зь Беларусі, дапамог ёй з жыльлём, пакуль яна шукала пакой. Пазьней Марына адкрыла гуманітарную візу і падалася на міжнародную абарону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчыны з парасонамі прагуляліся па цэнтры Менску«Спадзяюся, што ў нашай краіне атрымаецца нешта зьмяніць»
Цяпер у Польшчы Марына працуе цырульніцай. Некалькі дзён таму яна напісала пост у фэйсбуку ў групе «Беларусы ў Варшаве», у якім у двух словах расказала сваю сытуацыю. Публікацыя сабрала сотню камэнтароў і амаль 1000 лайкаў. Жанчына прызнаецца, што не спадзявалася такой маштабнай зваротнай сувязі.
«Мне вельмі прыемна, што столькі людзей мне напісала. У мяне зьявілася вялікая колькасьць новых кліентаў. Гэта, вядома, вялікая падтрымка, бо трэба неяк зарабляць, аплачваць кватэру».
Марына кажа, на дадзены момант сталага працоўнага месца ў яе няма, таму да кліентаў яна езьдзіць сама.
«У плянах арандаваць нейкае крэсла ў салёне, так працаваць будзе значна зручней. Адна дзяўчына-беларуска, якая займаецца фатасэсіямі для глянцавых часопісаў, прапаноўвала мне супрацоўніцтва. Я пагадзілася. Таму ў хуткім часе будзем рабіць нейкія сумесныя творчыя праекты», — кажа Марына
Яна дадае, што хутка адаптавацца ў Польшчы ёй дапамаглі суайчыньнікі, якіх за мяжой значна паболела за апошні час.
«Яны аказваюць розныя кансультацыі, усяляк дапамагаюць, у тым ліку і проста добрым словам», — кажа суразмоўніца.
Жыцьцё ў Польшчы Марына ацэньвае пазытыўна.
«Мне тут падабаецца. Думаю, наша краіна магла б быць такой жа. Ёсьць, безумоўна, нейкія рэчы, зь якімі цяжка, напрыклад з мэдычнай дапамогай. Аднак я пакуль асабіста не сутыкалася. Бюракратыі ўсякай хапае. Але ўсё роўна ў параўнаньні з тым, што адбываецца ў нашай краіне, з поўнай адсутнасьцю законаў, гэта тое, што можна перажыць. Спадзяюся, што на радзіме атрымаецца нешта зьмяніць. І ў будучыні я адназначна хацела б жыць там».
На пытаньне, у якую Беларусь Марына змагла б вярнуцца, яна адказвае коратка:
«У свабодную. У Беларусь, дзе я адчую сябе ў бясьпецы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску жанчыны з парасонамі выйшлі на акцыю ў падтрымку жанчын-палітвязьняў. ФАТАФАКТ