Што такое «Дасье Пандоры»
Больш за 650 журналістаў зь Міжнароднага кансорцыюму журналістаў вывучылі мільёны файлаў, у якіх фігуруе інфармацыя пра тры дзясяткі былых і цяперашніх кіраўнікоў дзяржаў і больш за тры сотні чыноўнікаў.
Экс-прэм’ер Вялікай Брытаніі Тоні Блэр, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, кароль Ярданіі Абдала II ібн Хусэйн, кенійскі прэзыдэнт Ухуру Кеніята і яшчэ некалькі дзясяткаў цяперашніх і былых сусьветных лідэраў, а таксама ўплывовых мільярдэраў былі зьвязаныя з кампаніямі, якія выкарыстоўваюць падатковыя гавані.
«Дасье Пандоры» – гэта далёка ня першы зьліў аб афшорных справах бізнэсоўцаў і чыноўнікаў, раней былі зьлівы, вядомыя як «Панамскае дасье» і «LuxLeaks».
«Дасье Пандоры» – гэта 11,9 мільёна файлаў вагой 2,94 тэрабайта з 14 розных крыніц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Народныя санкцыі. Як беларусы спрабуюць пакінуць рэжым бяз грошай і наколькі гэта працуеБеларусь і «Дасье Пандоры»
У сьвежы зьліў аб афшорных схемах трапілі 138 кампаній з Беларусі. Пакуль пра іх нічога невядома, але журналісты-расьсьледнікі абяцаюць паступова публікаваць гэтыя дадзеныя.
Упершыню ў падобным расьсьледаваньні паўдзельнічалі і беларусы – каманда «Белсат TV» «Давайце разьбірацца». Журналісты абяцаюць 4 кастрычніка а 19:00 паводле менскага часу на сайтах Siena – tiriamosios žurnalistikos centras, Organized Crime and Corruption Reporting Project і ютуб-канале «Давайце разьбірацца» раскрыць таямніцы супрацоўніцтва Беларусі і Зымбабвэ.
Якія бізнэсоўцы і кампаніі зь Беларусі раней траплялі ў афшорныя сьпісы
У траўні 2016 году міжнародны кансорцыюм журналістаў апублікаваў дадзеныя «Панамскага дасье», у якім згадваліся імёны 98 беларусаў і дадзеныя 35 кампаній.
У базу зьвестак трапіў Sergey Tchachuk. Чалавек з такім імем уваходзіў у ТОП-200 беларускіх бізнэсоўцаў за 2016 год. Бізнэсовец Ткачук на той момант – саўладальнік сеткі крамаў «Рублёўскі» і шэрагу гандлёвых цэнтраў, уладальнік «Мостра-груп», якая разьвівае ў Беларусі сетку фастфуду Burger King, і іншых кампаніяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тытунёвы кароль» Беларусі. Рэжым Лукашэнкі і кантрабанда цыгарэтаўУ дакумэнтах тройчы сустракаецца імя Ігара Абмёткі. Такое імя тады меў уладальнік «ЛБР-Аграмаркет», сеткі дыстрыбуцыі сельскагаспадарчай тэхнікі і запчастак ды сеткі аграмаркетаў у Расеі, які займае №108 у тым самым топ-200.
Таксама ў базе зьвестак ёсьць Ігар Чорны. Такое імя ёсьць у топ-200 за 2013 год, на той момант – уладальнік «Ізабудпрамбуд», «Ізапанэль» і «Ізаспан».
Сустракаюцца і імёны Дзьмітрыя Аэрава і Вадзіма Вялічкі – людзі з такімі імёнамі валодалі бізнэсам у перапрацоўцы драўніны і латвійскай фірмай Baltimex Trading), другі ўваходзіў у топ-200 бізнэсоўцаў у 2013 годзе пад нумарам 172.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Malta Today: жонка Пефціева заснавала афшоры падчас санкцыяў ЭЗ супраць мужавага бізнэсуЁсьць і нейкі Аляксандар Ласковіч. Гэтае імя і прозьвішча супадаюць з дадзенымі ўладальніка вытворцы жаночага трыкатажу «Панда» зь Берасьцейшчыны на 2016 год. Маецца ў сьпісе Андрэй Карцаў. Чалавек з такім імем у 2016 годзе быў дырэктарам менскай SITEK Group, якая займаецца капітальным рамонтам станкоў, дыстрыбуцыяй і сэрвісам абсталяваньня Siemens ды інтэграцыяй праграмнага забесьпячэньня для аўтаматызацыі вытворчасьці.
Таксама ў базе зьвестак ёсьць Ларыса Васілько – так на 2016 год звалі старшыню назіральнай рады «Эўрагандальінвэстбанку».
Яшчэ адно супадзеньне – нехта Ася Зубарык, якая на 2016 год мела долю ў Polish Gas Company, а беларускі бізнэсовец Артур Зубарык якраз займаўся тады дыстрыбуцыяй газу і іншых рэсурсаў, № 69 у топ-200 бізнэсоўцаў 2016 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія імёны Панамы: цікавыя супадзеньніСамі па сабе афшорныя кампаніі не парушэньне законаў. Афшоры – краіны ці тэрыторыі, якія проста прапаноўваюць замежным кампаніям выгадныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу пры нізкіх падатках. Але нярэдка праз такія кампаніі хаваюць прыбыткі ад падаткаў на радзіме і сапраўдных уладальнікаў бізнэсаў – ад грамадзкай увагі.