Прышчапіцца Pfizer і AstraZeneca будзе магчыма, але, адрозна ад даступных цяпер вакцынаў «Спутник V» і Sinopharm, толькі за грошы. Пра гэта заявіў міністар здароўя Дзьмітры Піневіч у эфіры тэлеканалу АНТ.
«Мы ставім сваёй мэтай бязвыплатную вакцынацыю, а Pfizer значна даражэйшы, чым існыя аналягі. З гэтага пункту гледжаньня, ацэнкі якасьці і даступнасьці, Pfizer не зьяўляецца прыярытэтам», — заявіў міністар. — Але калі патрэба паўстане, то ў краіне зьявяцца і Pfizer, і AstraZeneca, праўда, такая прышчэпка ўжо будзе за грошы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2 мільёны беларусаў пачалі вакцынацыю. Разьбіраемся, чаму шмат хто ня хоча рабіць прышчэпкуПаводле Міністэрства аховы здароўя, на гэты момант у Беларусі поўны курс вакцынацыі прайшлі больш за 1,5 мільёна чалавек. Першую дозу атрымалі — каля 2,2 мільёна (крыху больш за 23%).
Мэдыкі адзначаюць, што чацьвёртая хваля, якая прыйшла ў Беларусь, характарызуецца вялікай колькасьцю пацыентаў у цяжкім стане. Калі падчас папярэдніх трох хваляў прышчапляцца раілі людзям старэйшага ўзросту, то цяпер рэкамэндуюць асобам ва ўзросьце 30+.
Пра тое, што маладыя ўсё часьцей хварэюць COVID-19, а сам працяг захворваньня стаў больш цяжкім, у эфіры СТБ паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.
«Сапраўды, цяпер часьцей хварэюць маладыя людзі. Захворваньне працякае больш цяжка і агрэсіўна. Хутчэй надыходзіць пагаршэньне стану нашых пацыентаў», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар здароўя: у Беларусі ўсе цяжкія выпадкі COVID-19 назіраюцца ў непрышчэпленых пацыентаўУ ведамстве таксама падкрэсьлілі, што 99,9% пацыентаў у цяжкім стане ў ковідных аддзяленьнях не былі прышчэпленымі. Яна зазначыла, што падчас чацьвёртай хвалі павялічылася колькасьць пацыентаў, якія знаходзяцца на кіслародатэрапіі.