Законапраект аб зьменах у Канстытуцыю, які скасоўвае мясцовыя выбары ў 2022-м, прынялі ў другім чытаньні

Палата прадстаўнікоў

На пасяджэньні шостай сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага скліканьня прынялі ў другім чытаньні законапраект «Аб зьмяненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», інфармуе БелТА.

27 траўня Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў праект закону «Аб зьмяненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». Для падрыхтоўкі праекту закону стварылі спэцыяльную камісію, якая накіроўвала прамежкавыя вынікі ў пастаянныя камісіі і на заключэньне ў галоўнае прававое ўпраўленьне Сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў.

Адзначаецца, што «заўвагі тэхнічнага характару, якія паступілі, улічаныя ў тэксьце праекту дакумэнту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра новую Канстытуцыю: рэфэрэндум не пазьней за люты 2022-га, апанэнтаў дапусьціць да ўлады нельга

Канчаткова падрыхтаваны да разгляду ў першым чытаньні законапраект накіравалі Лукашэнку, заўваг не паступіла.

Праект прадугледжвае ўвядзеньне адзінага дня галасаваньня для выбраньня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Фактычна ў сувязі з гэтым мясцовыя выбары ў Беларусі з пачатку 2022 году будуць перанесены на 2023 год.

Раней абедзьве палаты Нацыянальнага сходу прынялі зварот да Лукашэнкі з просьбай правесьці выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў і парлямэнт адначасова. Лукашэнка 26 траўня, выступаючы перад палатамі, падтрымаў гэтую ідэю. Нязьменная з 1996 году кіраўніца Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што падтрымлівае ўвядзеньне адзінага дня галасаваньня на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў. Яна адзначала, што ў выпадку станоўчага рашэньня наступныя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў будуць перанесеныя з пачатку 2022 году на 2023 год. Пры гэтым кіраўніца ЦВК падкрэсьлівала, што да правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму выбарчае заканадаўства ў Беларусі мяняцца ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены Канстытуцыі, якія на год пераносяць мясцовыя выбары
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка мэнтальна пакуль не гатовы зьмірыцца, што давядзецца некаму перадаваць уладу», — Класкоўскі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібан часова прыме Канстытуцыю 1964 году, але з папраўкамі