Навукоўцы Стэнфардзкага ўнівэрсытэту аблічбавалі і апублікавалі ў інтэрнэце дакумэнты і стэнаграмы выступленьняў Нюрнбэрскага працэсу. Вынікі гэтай працы, якая доўжылася больш за 20 гадоў, сталі агульна даступнымі якраз сёньня, 1 кастрычніка, у 75-ю гадавіну абвяшчэньня прысуду Міжнароднага вайсковага трыбуналу ў Нюрнбэргу.
Ідэя стварыць адкрыты віртуальны архіў дакумэнтаў Нюрнбэрскага працэсу зьявілася ў 1998 годзе, паведамляе Deutsche Welle. Аб’ём архіву перавышае 50 тэрабайтаў. У яго ўвайшлі 5215 пратаколаў Нюрнбэрскага працэсу, якія ўключаюць каля 270 тысяч аблічбаваных старонак папяровых дакумэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкладчыкі і супрацоўнікі Стэнфардзкага ўнівэрсытэту выказалі пратэст супраць арышту беларускай экспэрткіНюрнбэрскі працэс стаў першым міжнародным крымінальным працэсам у гісторыі. Суд над высокапастаўленымі прадстаўнікамі нацысцкага рэжыму пачаўся 20 лістапада 1945 году і завяршыўся пасьля 218 дзён слуханьняў 1 кастрычніка 1946 году. Судзьдзі з ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Савецкага Саюзу вынесьлі дванаццаць сьмяротных прысудаў (адзін зь іх завочна), тры прысуды аб пажыцьцёвым зьняволеньні і чатыры аб працяглых тэрмінах пазбаўленьня волі. Трое абвінавачаных былі апраўданыя.
На лаве падсудных былі, у прыватнасьці, міністар авіяцыі і фактычна другі чалавек у нацысцкай Нямеччыне Герман Гёрынг (Hermann Göring), намесьнік Гітлера ў НСДАП Рудольф Гесс (Rudolf Hess), міністар замежных спраў «Трэцяга райхў» Ёахім фон Рыбэнтроп (Joachim von Ribbentrop), камандзір сухапутнымі войскамі маршал Вільгельм Кайтэль (Wilhelm Keitel), кіраўнік службы бясьпекі Эрнст Кальтэнбруннер (Ernst Kaltenbrunner), райхсміністар «Усходніх тэрыторый», адзін з галоўных ідэолягаў нацыянал-сацыялізму Альфрэд Розэнбэрг (Alfred Rosenberg), былы генэрал-губэрнатар акупаванай Польшчы Ганс Франк (Hans Frank).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нюрнбэргу пройдзе канфэрэнцыя, прысьвечаная прававому ціску на Лукашэнку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Розум і вера бяруць верх над генамі. Сэнсацыя ад стэнфардзкіх мэдыкаў