Сустрэча мае прайсьці на наступным тыдні ў месцы, дзе пасьля ІІ сусьветнай вайны судзілі ваенных злачынцаў. У канфэрэнцыі маюць узяць удзел палітыкі, праўнікі, якія вядуць справы па міжнароднай юрысдыкцыі ў розных краінах, а таксама пацярпелыя ад рэпрэсій у Беларусі, якія падалі свае дакумэнты ў розныя міжнародныя арганізацыі.
На гэтай канфэрэнцыі гаворка будзе ісьці аб прававым ціску на рэжым у Беларусі: як паскорыць тыя ці іншыя прававыя рашэньні супраць Аляксандра Лукашэнкі. Кірылюк зьвяртае ўвагу на чатыры асноўныя пытаньні канфэрэнцыі: унівэрсальная юрысдыкцыя, міжнародны трыбунал па злачынствах у Беларусі, справа прызнаньня Лукашэнкі тэрарыстам і непрызнаньне яго і ягоных прадстаўнікоў як ураду Беларусі.
«Амаль год таму міжнародны дакладчык АБСЭ адзначыў у сваім дакладзе, што ў Беларусі больш няма прававой сыстэмы і што ёсьць прававы дэфолт. У сваім дакладзе ён напісаў, што ёсьць усе падставы стварыць міжнародны орган, які будзе расьсьледаваць злачынствы ў Беларусі і судзіць. Бо беларускай судовай сыстэме няма даверу», — кажа Міхаіл Кірылюк.
Праўнік нагадвае, што такія трыбуналы ў гісторыі ствараліся толькі чатыры разы: два па пытаньнях злачынстваў нацыстаў, а два чарговыя — па генацыдзе ў Югаславіі і Руандзе.
«Там гінулі сотні тысяч людзей. Беларусь цяпер пятая. Гэта сур’ёзнае суседзтва. Міжнародная супольнасьць ставіць злачынствы ў Беларусі ў адзін шэраг са злачынствамі ў Руандзе, Югаславіі і злачынствамі нацыстаў», — кажа праўнік.