Фядута камэнтуе Караткевіча, чакае візу сьледчага
Літаратуразнаўца Аляксандр Фядута ў СІЗА КДБ прышчапіўся ад кавіду і піша камэнтары да раману Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
«Народная Воля» цытуе вытрымкі зь ліста палітоляга, затрыманага ў красавіку ў Маскве і зьмешчанага ў СІЗА Камітэту дзяржбясьпекі.
«Вечарам атрымліваю лісты. На некаторыя адказваю адразу, асабліва мастацкія пакідаю на наступны дзень, каб павыдасканальвацца ў фармулёўках і прадэманстраваць адрасату: маўляў, і мы валодаем мастацтвам слова!», — піша Аляксандар Фядута.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваць ня маю права, а здароўе пагоршала». Фігурант справы «змоўшчыкаў» ня мае грошай на лекаваньне ва ЎкраінеЦяпер ён перачытвае клясыку — раман Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Жартуе, што разам са сьледчым.
«Сьледчаму адаслалі першыя чатыры сшыткі з маімі рукапісамі-камэнтарамі. Калі ня будзе пярэчаньняў, спадзяюся, яны трапяць у друк», — разьлічвае аўтар.
Акрамя таго, паведаміў, што прышапіўся ад COVID-19 расейскай вакцынай «Спутник V», абодва ўколы перанёс практычна нічога не адчуўшы.
Аляксандар Фядута знаходзіцца пад вартай ў справе аб «падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту». Разам зь ім таксама праходзяць палітык Рыгор Кастусёў і юрыст Юрась Зянковіч.
Два тыдні ад Ігара Лосіка няма лістоў
Блогера Ігара Лосіка судзяць у закрытым рэжыме разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам, Арцёмам Сакавым, Уладзімерам Цыгановічам і Дзьмітрыем Паповым.
«Гомельская турма нам зрабіла інфармацыйную блякаду. Два тыдні ад Ігара няма лістоў. І ён не атрымлівае ніводнага ліста. Я напісала ліст да цэнзара. Што яны хочуць паказаць Ігару? Што пра яго ўсе забыліся і ўсе яго кінулі? Дык я чацьвёрты месяц стаю пад СІЗА, і ён гэта ведае. Нават у 1937 годзе не забаранялі перапіску з затрыманымі ці асуджанымі. Я не пішу пра справу і суд, я пішу пра тое, як гадуецца ягоная дачка, якая 16 месяцаў ня бачыла свайго тату. Гэта той пэрыяд жыцьця дачкі, які ён прапускае», — кажа жонка палітзьняволенага Дар’я Лосік.
Цяпер Паўліне 2 гады і 9 месяцаў. Дар’я лічыць, што лістоў мусіць быць больш, каб прарваць «блякаду», і заклікае людзей пісаць як Ігару, так і іншым палітвязьням.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зноў перасталі даходзіць лісты». Жонка палітвязьня Ігара Лосіка працягвае дзяжурыць пад СІЗА, дзе праходзіць закрыты судУ камэры Міколы Статкевіча халодна і сыра
Тым часам Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча, 30 верасьня атрымала ад яго ліст. Статкевіч ня ходзіць на паседжаньні суду — спачатку ён сам гэтага запатрабаваў, потым яго «выдаліў» суд.
Палітзьняволены напісаў пра ўмовы ў камэры. Яна халодная і сырая.
«Калі ідзе касы дождж, то вада трапляе ў камэру, капае зь нішы ў сьцяне, падлога мокрая. Ён падсунуў тазік у тую нішу, неяк так ратуецца. Нізкая тэмпэратура, вільгаць. Камфорту гэта не дадае», — кажа Марына Адамовіч.
З крыніц інфармацыі ў палітыка засталіся толькі некаторыя дзяржаўныя выданьні. Ён чытае «СБ. Беларусь сегодня» і «Экономическую газету». Прачытаў у «СБ» артыкул пра «Дзень народнага адзінства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевіч ужо адседзеў столькі ж, колькі Салжаніцын. Параўноўваем тэрміны беларускіх палітвязьняў і сусьветна вядомых дысыдэнтаў«Пра „беларускія Беласток і Вільню“ Мікола напісаў, што нават Пазьняк не асьмеліўся так казаць. Але не выпадае гэта лічыць нейкай формай патрыятызму. У 20-х гадах мінулага стагодзьдзя Беларусь падзялілі геаграфічна, цяпер — па сьветапоглядзе. Найбольш нацыянальна сьвядомых людзей пачалі выцясьняць зь дзяржаўных устаноў, адукацыі, выціснулі з краіны — рабілі тое, што пілсудчыкі ў 20-х гадах у Заходняй Беларусі, а сталіністы, толькі больш крывава, — ва Ўсходняй», — працытавала радкі зь ліста Статкевіча ягоная жонка.
Сяргей Ціханоўскі піша лісты і малюе
Сябра Сяргея Ціханоўскага перадаў Свабодзе, што ў палітзьняволенага «ўсё нармальна», ён піша лісты.
27 верасьня ў маці Ціханоўскага, Соф’і Яфрэмаўны, быў дзень нараджэньня. Сын яе павіншаваў з турмы і даслаў свой аўтапартрэт.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.