У Менску закрылася буйная сетка крамаў «Радзівілаўскі»

Харчовая крама, ілюстрацыйнае фота

Ад 1 кастрычніка ўсе гандлёвыя аб’екты «Радзівілаўскага» перайшлі пад кіраваньне «Менскага холадакамбінату № 2».

Пра зьмену ўласьнікаў агенцтву «Менск-Навіны» паведаміў дырэктар менскага холадакамбінату Аляксандар Рубінаў, спасылаючыся на рашэньне Менскага гарвыканкаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэтыя буйныя крамы на мяжы закрыцьця. І палітыка тут ні пры чым

Паводле яго, рэарганізацыя не адабʼецца на працы крамаў — адну частку здадуць у арэнду на аўкцыёне іншым гандлёвым сеткам, а другую адкрыюць пад гандлёвай шыльдай «Менскага холадакамбінату № 2» і брэндам з двума сьнегавікамі. Упор у іх плянуюць зрабіць на беларускія тавары, у прыватнасьці мясапрадукты.

Апошнія два гады ў сетку «Радзівілаўскі», створаную ў 2003 годзе, уваходзілі 29 крамаў у Менску (паводле Гандлёвага рэестру — 34).
Пра тое, што гандлёвую сетку хочуць рэарганізаваць і далучыць да холадакамбінату, паведамлялася яшчэ ў ліпені. Тады ж агучвалася, што сетка «Радзівілаўскі» працуе са стратамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі збанкрутавалі сеткі гіпэрмаркетаў Bigzz і «Копилка»

Якія гандлёвыя сеткі яшчэ закрыліся

Ня так даўно закрыліся амаль усе крамы сеткі «Домашний», у тым ліку унівэрсам «Цэнтральны» — адна з найстарэйшых крамаў Менску, а таксама крамы кампаніі «Баниар»: Bigzz і «Копилка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tut.by: Сілавікі затрымалі жонку і сына заснавальніка збанкрутавалай сеткі крамаў «Домашний»