Пра гэта яна паведаміла ў лісьце расейскаму інфармацыйнаму агенцтву РБК.
Марыя Калесьнікава пацьвердзіла, што ёй неаднаразова прапаноўвалі «пагадненьне», у тым ліку на прыклад журналіста Рамана Пратасевіча даць інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу.
За гэта абяцалі скараціць тэрмін зьняволеньня або ўвогуле датэрмінова вызваліць. Але кожны раз яна адмаўлялася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава: «Турма — агіднае месца, але тут я асабліва пачуваюся свабоднай»«Прапановы сям’і пакінуць Беларусь, напісаць прашэньне аб памілаваньні, зьняцца ў „кіно“ і быць на волі — гэта сьведчаньні таго, што ўлада не разумее: праблема не ўва мне ці ў Максіме Знаку, праблема ў тым, што ўлада страціла легітымнасьць, давер у вачах беларусаў», — цытуе Марыю Калесьнікаву агенцтва РБК.
Акрамя таго, палітзьняволеная расказала, што амаль паўгода сядзіць у адзіночнай камэры. У адміністрацыі ёй заявілі, быццам у СІЗА няма жанчын, якія ня кураць і якіх можна было б да яе падсяліць.
Сярод іншага падзялілася, што выпісала для сябе часопісы Forbes, «Дилетант», «Наука и жизнь», «Независимую газету», займаецца спортам і малюе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька Марыі Калесьнікавай: «Маша гучна сьмяялася, калі паглядзела выпуск па тэлевізіі пра іх суд»Марыя Калесьнікава пастаянна піша скаргі на парушэньні сваіх правоў, але збольшага бясплённа.
«Мае лісты ня толькі родным не даходзяць, але не паступаюць і ў суды, Генпракуратуру, Сьледчы камітэт, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і нават адвакатам. А калі праводзяць поўны надгляд, мяне здымаюць відэарэгістратарам», — адзначыла яна.
Працэс над чальцамі прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам праходзіў у закрытым рэжыме. Іх асудзілі на 11 і 10 гадоў зьняволеньня адпаведна нібыта за спробу дзяржаўнага перавароту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жалезны чалавек». Хто такі Максім Знак, якога асудзілі на 10 гадоў турмы. ВІДЭАМарыя Калесьнікава ў лісьце на волю назвала абвінавачаньне «поўнай ахінеяй, складзенай па невядомых дагэтуль граматычных і лягічных правілах». А 41 том матэрыялаў крымінальнай справы, па яе словах, гэта «збор макулятуры, які ні пра што, акрамя нашай невінаватасьці, ня сьведчыць».