«Акрэсьціна свабоднае. Правільна Сергеенка сказаў: ня трэба прыбіраць, позна, усе акаўнты ў нас на руках, мы бачым, хто чаго варты.
І калі мярзотнікі кшталту Цапкалы думаюць, што мы іх не дастанем, яны памыляюцца. Мы не даруем гібель гэтага хлопца», — цытуе Лукашэнку тэлеграм-канал «Пул первого».
Лукашэнка таксама заявіў, што афіцэр КДБ Дзьмітры Федасюк забіў Андрэя Зельцара ўжо пасьля сьмяротнага раненьня.
«Дзіма апярэдзіў іншых, прыкрываючы групу, забег у кватэру першым. „Зброю на падлогу!“ Замест гэтага яму страляе ў сэрца. Паміраючы, з двух стрэлаў Дзьмітры расстраляў забойцу», — перадае «Пул первого».
Лукашэнка таксама патлумачыў, чаму сілавікі былі бяз формы і бронекамізэлек.
Паводле яго, такім чынам яны не хацелі хваляваць людзей, якія дрэнна рэагуюць на зьяўленьне на вуліцах супрацоўнікаў у поўным рыштунку. Таму праверкі, падчас якіх яны адпрацоўвалі апэратыўную інфармацыю, вяліся ў цывільным адзеньні.
«Што на гэта сказаць? Цяжка іх за гэта асудзіць. Проста хлопцы не хацелі лішні раз, як яны кажуць, сьвяціцца, баронячы людзей», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамляюць пра масавыя затрыманьні за камэнтары аб забойстве супрацоўніка КДБ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прафэсіяналізм — гэта затрымаць, а не забіць». Экспэрт па бясьпецы — пра рэзананснае відэаПерастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).