Ці дапамагала ўкраінская выведка беларускім рэвалюцыянэрам. Галоўнае з расьсьледаваньня «Ўкраінскай праўды»

Сямён Сяменчанка

«Украінская праўда» апублікавала расьсьледаваньне пра тое, як украінская выведка зьвязаная зь «беларускімі рэвалюцыянэрамі» — так званай групай Мікалая Аўтуховіча. Беларускі КДБ абвінавачвае гэтую групу ў падрыхтоўцы тэрактаў і ўвозе зброі з тэрыторыі Ўкраіны.

Падрабязнасьці журналістам расказаў былы камбат і былы дэпутат украінскага парлямэнту Сямён Сяменчанка. Сам ён за кратамі ва Ўкраіне па абвінавачаньні ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня па тыпе прыватнай вайсковай кампаніі. Сяменчанка кажа, што супрацоўнічаў з Галоўным упраўленьнем выведкі Ўкраіны, у тым ліку па беларускім кірунку.

«Нядаўна мы затрымалі групу Аўтуховіча, мярзотнікі апошнія, мы ўсе каналы выявілі, яны тонамі зброю [пастаўлялі] праз Украіну», — расказваў Аляксандар Лукашэнка ў сьнежні 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць Аўтуховіча завялі яшчэ адну справу? КДБ Беларусі хоча дапытаць ва Ўкраіне сьведкаў у справе беларускага актывіста

Ультыматум для Лукашэнкі

Па вэрсіі беларускіх уладаў, у так званую групу Мікалая Аўтуховіча (прадпрымальнік, беларускі палітвязень, у 2004 годзе — кандыдат у Нацыянальны Сход) уваходзілі 12 чалавек. Ім прад’явілі абвінавачаньне ў падрыве машыны міліцыянта, падпалах і падрыхтоўцы тэрактаў. Сярод чальцоў групы двое людзей з інваліднасьцю, адна пэнсіянэрка і сямʼя сьвятара, у якой Аўтуховіч жыў нейкі час.

Гэта ўжо трэці арышт Аўтуховіча: 2006–2009 гады ён правёў за кратамі па абвінавачаньні ў нявыплаце падаткаў. Неўзабаве пасьля вызваленьня — асуджаны на пяцігадовы тэрмін па абвінавачаньні ў падрыхтоўцы замаху на высокапастаўленых чыноўнікаў. Абодва разы праваабарончыя арганізацыі прызнавалі Аўтуховіча палітвязьнем. Пасьля вызваленьня ў 2014 годзе Аўтуховіч мала зьяўляўся на публіцы. Часам пісаў пасты ў сацсетках, напрыклад, у 2019 годзе запатрабаваў ад Лукашэнкі сысьці ў адстаўку, прыстрашыўшы запусьціць «мэханізм аднаўленьня справядлівасьці».

«Мы са сваёй камандай пракладаем новы шлях у барацьбе з гэтым рэжымам. Гэты шлях выглядае небясьпечным, але ісьці трэба менавіта па ім», — пісаў Аўтуховіч.

Актыўнага ўдзелу ў пратэстах 2020 году Аўтуховіч не прымаў. У сацсетках крытыкаваў апазыцыю. Аднак у сьнежні 2020 году быў затрыманы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Канфіскавалі арсэналы з тратылам і плястыдам», — Лукашэнка заявіў пра выяўленьне новай тэрарыстычнай групы

Пры чым тут украінская выведка — вэрсія Сямёна Сяменчанкі

У інтэрвію «Ўкраінскай праўдзе» былы народны дэпутат Украіны і заснавальнік добраахвотніцкага батальёна «Данбас» Сямён Сяменчанка расказаў, што ўкраінскія спэцслужбы былі знаёмыя з групай Аўтуховіча. «Самае галоўнае было — перадаць свой вопыт, вопыт стварэньня атрадаў самаабароны, вопыт стварэньня атрадаў добраахвотніцкіх тым людзям, якія былі гатовыя абараняцца ад таго, што адбываецца ў Беларусі», — падзяліўся Сяменчанка.

У сакавіку 2021 году ўкраінскія сілавікі абвінавацілі Сяменчанку ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня на базе ахоўнай кампаніі, у захоўваньні зброі і ў арганізацыі тэракту. Гаворка ідзе пра абстрэл будынку канала «112 Украіна» ў 2019 годзе. Пры гэтым выкарыстоўваўся гранатамёт, загінулых або параненых не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высьветлілася, што ў СБУ ня ведаюць, хто ў Кіеве сачыў за Аўтуховічам і запісваў ягоныя размовы

Арыштаваны Сяменчанка стаў пісаць журналістам «Украінскай праўды», што супрацоўнічаў з выведкай, у тым ліку па беларускім кірунку. З гэтым ён зьвязвае і свой перасьлед. Па словах Сяменчанкі, гэтая праца мела два складнікі: падрыхтоўка лягераў для магчымых уцекачоў зь Беларусі і рэкрутынг будучых змагароў з рэжымам Лукашэнкі.

Па словах Сяменчанкі, ён сустракаўся з Аўтуховічам у лістападзе 2020 году. Былы дэпутат дапамог беларускаму апазыцыянэру зьвязацца з украінскімі спэцслужбамі. КДБ Беларусі, у сваю чаргу, лічыць, што Мікалай Аўтуховіч атрымаў ва Ўкраіне боепрыпасы. Яго затрымалі ў сьнежні, з тых часоў ён знаходзіцца ў зьняволеньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-камандзіра батальёну «Данбас» Сяменчанку перавялі пад хатні арышт. Што ён сказаў пра Аўтуховіча, Беларусь і выведку

У асяродзьдзі Аўтуховіча журналістам «Украінскай праўды» пацьвердзілі факт яго сустрэчы зь Сяменчанкам. Аднак і сам Сяменчанка, і людзі, якія ведалі Аўтуховіча, сьцьвярджаюць, што ніякай зброі ва Ўкраіне ён не атрымліваў. Аляксандар Лукашэнка, між тым, у сакавіку 2021 г. абвясьціў, што спэцслужбы выявілі новую групу, у якой канфіскаваныя арсэналы з тратылам і плястыдам.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі называе беспадстаўнымі абвінавачаньні Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што на тэрыторыі Ўкраіны рыхтаваліся беларускія баевікі-партызаны.

Ні выведка, ні СБУ Ўкраіны на запыт «Украінскай праўды» наконт працы зь Сяменчанкам і Аўтуховічам не адказалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-камандзір батальёна «Данбас» пракамэнтаваў фільм АНТ, у якім яму прыпісваюць пастаўкі зброі ў Беларусь