Трагедыя на вуліцы Якубоўскага: сакральныя ахвяры — шлях да крывавага хаосу

Дом на вуліцы Якубоўскага, дзе адбылася перастрэлка

Трагедыя на вуліцы Якубоўскага ў Менску яшчэ раз пацьвярджае, што палітычны крызіс у Беларусі ня скончыўся. Наадварот, ён дасягнуў пэўнай новай мяжы, пункту біфуркацыі.

Сьцісла

  • Чым больш усплывае падрабязнасьцяў гэтай перастрэлкі, тым больш узьнікае пытаньняў.
  • Галоўны ўрок гэтай драмы палягае ў тым, што культ бязьмежнага гвалту ўлады ня можа скончыцца нічым добрым. Прычым для ўсіх бакоў беларускага канфлікту.
  • Крымінальную справу завялі толькі з нагоды забойства супрацоўніка КДБ. А факт гвалтоўнай сьмерці Зельцара ня стаў падставай для крымінальнай справы.
  • Беларускаму грамадзтву прапануецца новая палітычная філязофія, мадэль своеасаблівай прававой сэгрэгацыі, палітычнага апартэіду.
  • Калі вынікам гэтай трагедыі стане зьяўленьне ў кожнага боку палітычнага супрацьстаяньня сваіх сакральных ахвяраў, то гэта азначае, што краіна апускаецца ў крывавы хаос.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамляюць пра масавыя затрыманьні за камэнтары аб забойстве супрацоўніка КДБ

Трагічныя падзеі 28 верасьня ў Менску, калі беларусы пачалі страляць адзін у аднаго, застаецца ў цэнтры ўвагі грамадзкасьці. Гэты драматычны эпізод даволі дакладна, ва ўсёй сваёй жахлівай рэчаіснасьці, адлюстраваў той палітычны крызіс, які працягваецца ў Беларусі. Трагедыя на вуліцы Якубоўскага фіксуе, што крызіс ня скончаны, ён дасягнуў нейкай новай мяжы, пункту біфуркацыі.

Чым больш усплывае падрабязнасьцяў гэтай перастрэлкі, тым больш узьнікае пытаньняў. Вось на тэлеканале СТВ Рыгор Азаронак прызнаў, што было два званкі з кватэры Зельцара на нумар 102, то бок у міліцыю. Калі супрацоўнікі, якія ламалі дзьверы, афіцыйна прадставіліся, то навошта Андрэй і ягоная жонка выклікалі міліцыю? Трохі дзіўна і нелягічна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць Зельцара і супрацоўніка КДБ у Менску: новыя дэталі

Яшчэ адна рэпліка Азаронка з той жа перадачы на СТВ: «Сумесная група МУС і КДБ, што называецца, „адпрацоўвала“ гэты раён у справе аб тэрарызьме». Значыць, у сталіцы ўжо цэлыя раёны заселены тэрарыстамі? Зачыстка адбываецца цэлымі кварталамі, раёнамі?

Галоўны ўрок гэтай драмы палягае ў тым, што культ бязьмежнага гвалту ўладаў ня можа скончыцца нічым добрым, прычым для ўсіх бакоў беларускага канфлікту. Вядомая мэтафара, што калі ружжо вісіць на сьцяне, то яно рана ці позна мусіць выстраліць, ператварылася тут не ў мэтафарычную, а ў самую што ні ёсьць страшную рэальнасьць. Гэта вынік псыхалягічнай сытуацыі грамадзянскай вайны, той мовы нянавісьці, варажнечы, якая ўжо больш як год выкарыстоўваецца ў палітычным канфлікце. Тое, што адбылося, павінна было здарыцца рана ці позна. На прававую сваволю з боку ўладаў ахвяры рэпрэсій адказваюць тым жа. І гэта было непазьбежна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ і стрэлы ў Менску: якімі будуць наступствы. Дыскусія экспэртаў

Тут вельмі адметная пазыцыя ўладаў, праваахоўных органаў, дзяржаўных мэдыя. Яны гавораць толькі пра адно забойства, выказваюць спачуваньне з нагоды сьмерці супрацоўніка КДБ. Пра другога загінулага, Андрэя Зельцара, ня згадваюць. Крымінальная справа заведзеная толькі з нагоды забойства гэтага супрацоўніка. А факт гвалтоўнай сьмерці Зельцара ня стаў падставай для крымінальнай справы. Ніхто расьсьледаваць гэта не зьбіраецца?

Тут нам прапануецца новая палітычная філязофія, мадэль своеасаблівай прававой сэгрэгацыі, палітычнага апартэіду. То бок, атрымліваецца, што праціўнікі рэжыму ня людзі, не грамадзяне Беларусі, на іх не распаўсюджваюцца законы, Канстытуцыя, яны пазбаўленыя правоў, не ўваходзяць у паняцьце «народ», пра кансалідацыю якога казаў Лукашэнка падчас сустрэчы з замежнымі амбасадарамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік ByPol: Зельцар мог нават уцячы, бо ў Менску абвяшчалі плян «Сырэна»

Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ігар Сергеенка, пагражаючы ўсім нязгодным з афіцыйнай вэрсіяй здарэньня, заявіў: «Усе, хто ўбачыў у злачынцу сакральную ахвяру, хто пераступіў празь сьлёзы чатырохгадовага дзіцяці, хто зрабіў хайп на горы сям’і афіцэра, будуць знойдзеныя».

Хачу зазначыць, што злачынцам грамадзяніна можа назваць толькі суд. Але для ўладаў сёньня ўсе, хто выступае супраць іх, апрыёры залічваюцца ў злачынцы. І Сергеенка, і намесьнік міністра МУС Мікалай Карпянкоў абяцаюць, што будуць помсьціць.

Але, адрынаючы Зельцара як сакральную ахвяру, Сергеенка ператварае ў сакральную ахвяру загінулага супрацоўніка КДБ. Прыхільнікі Лукашэнкі нясуць кветкі да будынку Камітэту дзяржбясьпекі. А прадстаўнікі беларускай дыяспары ўшаноўваюць памяць Андрэя Зельцара. Калі вынікам гэтай трагедыі стане зьяўленьне ў кожнага боку палітычнага супрацьстаяньня сваіх сакральных ахвяраў, то гэта азначае, што краіна можа апусьціцца ў крывавы хаос, мірнага выйсьця зь якога не існуе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карпянкоў пагражае страляць на зьнішчэньне. У якіх выпадках?

Перастрэлка ў кватэры з двума загінулымі. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа ўлада выкарыстаць сьмерць супрацоўніка КДБ для адмены «канстытуцыйнай рэформы»?