Прычынай масавых затрыманьняў сталі, паводле праваабаронцаў, нэгатыўныя камэнтары да навіны пра забойства супрацоўніка КДБ і айцішніка Андрэя Зельцара, да якога 28 верасьня прыйшлі сілавікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дабяромся да кожнага». Сьледчы камітэт заявіў, што за пратэсты завялі 5 тысяч спраў. За сьмерці і катаваньні ніводнайПа дадзеных на 20:15 праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы 51 затрыманага 29-30 верасьня ў Беларусі. Гэта жыхары Менску, Берасьця, Віцебску, Горадні, Гомля, Жлобіна, Пінску, Рэчыцы і Слоніма. Большасьць затрыманьняў зьвязаная з камэнтаваньнем у сацсетках пастоў пра гібель Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ — у межах арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці) Крымінальнага кодэксу.
У сацсетках пацьвярджаюць, што іх саміх ці блізкіх затрымлівалі паводле артыкула 130 КК за камэнтары з нагоды двух забойстваў пад публічнымі пастамі. Адных пасьля допыту адпускалі, а іншых развозілі па ізалятарах.
«Муж шапнуў: «Гэта КДБ». Як беларусаў затрымліваюць за камэнтары
Аляксей Сянько — 36-гадовы рабочы са Слоніма. Увечары 29 верасьня па яго прыйшлі з Камітэту дзяржбясьпекі, пасьля ў кватэры прайшоў ператрус.
«Я пазваніла мужу, ён спачатку ня браў слухаўку, пасьля кажа: не магу размаўляць. Мы пайшлі дадому, падыходзім, а там тыя трое Аляксея ўжо выводзяць. Ён пасьпеў мне шапнуць: гэта КДБ, — расказала яго жонка „Нашай Ніве“. — Муж сказаў: мяркуе, па яго прыйшлі за камэнтары».
Вобшук у кватэры Аляксея адбыўся каля 11-й вечара. Паводле жонкі, тады супрацоўнікі паказалі пасьведчаньні — сапраўды КДБ. Яны сказалі, што завялі дзьве справы: адна па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»), другую яна ня памятае. Як зразумела жонка, справы завялі не на Аляксея, а агулам.
Паводле жонкі Аляксея, ён «актывіст, любіць камэнтары пісаць», але яна бачыла, што муж пісаў у мясцовай суполцы і, на яе думку, там няма ніякіх абразаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карпянкоў пагражае страляць на зьнішчэньне. У якіх выпадках?Напярэдадні намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў прыгразіў жорсткімі захадамі са стралянінай супраць тых, хто задумае абражаць супрацоўнікаў праваахоўных органаў ці не падпарадкавацца ім.
Перастрэлка ў кватэры з двума загінулымі. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).